БЕЛ Ł РУС

Памяняліся правілы відэаназірання ў Беларусі

28.10.2026 / 19:48

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб змяненні дакументаў, якія рэгулююць працу рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, паведаміла прэс-служба палітыка.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Паведамляецца, што змены ўнесеныя ва ўказ ад 28 лістапада 2013 года аб стварэнні і выкарыстанні сістэмы відэаназірання для аховы грамадскага парадку. Цяпер аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам будуць абавязаныя штогод абнаўляць пералікі аб’ектаў, якія павінны быць абсталяваныя сродкамі відэаназірання.

Указ ад 25 мая 2017 года аб рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі выкладзены ў новай рэдакцыі з улікам практыкі яе выкарыстання.

Прадугледжваецца дадатковае прыцягненне індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў да арганізацыйнага і фінансавага забеспячэння сістэмы. Пры гэтым фізічныя асобы — уладальнікі кватэр у шматкватэрных жылых дамах — вызваляюцца ад кампенсацыі выдаткаў рэспубліканскага бюджэту і аплаты электраэнергіі, якую спажывае абсталяванне сістэмы маніторынгу.

Вызначаюцца таксама арганізацыі, якія не павінны кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне і эксплуатацыю сістэмы. Сярод іх — бюджэтныя ўстановы, арганізацыі камунальнай уласнасці і дзяржаўнай дарожнай гаспадаркі. Гэты пералік не з'яўляецца канчатковым: Лукашэнка можа дапоўніць яго сваім рашэннем.

Пашыраецца кола карыстальнікаў сістэмы маніторынгу. Да іх дадаюцца падраздзяленні Узброеных сіл, якія займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю і аховай крытычна важных аб’ектаў.

Акрамя таго, сістэму можна будзе выкарыстоўваць для фіксацыі адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з бяспекай дарожнага руху і эксплуатацыяй транспарту.

Указ прадугледжвае і іншыя змены, накіраваныя на паскарэнне развіцця сістэмы маніторынгу і павышэнне якасці яе працы.

Чытайце таксама:

У дварах Мінска паставілі больш за 1140 відэакамер

Лукашэнка назваў дурасцямі публікацыі ў заходніх СМІ пра ваенную пагрозу з боку Расіі і Беларусі

У некаторых месцах у Беларусі забароняць рабіць відэаназіранне

Каментары да артыкула