БЕЛ Ł РУС

Нетаньяху заявіў, што арабскія партыі «скралі выбары» ў Ізраілі

29.10.2026 / 10:55

Nashaniva.com

Партыя Нетаньяху «Лікуд» сцвярджае, што арабскія партыі выкарыстоўвалі подкуп, пагрозы, гвалт, падробку дакументаў і забароненыя праграмы для мабілізацыі выбарцаў.

Біньямін Нетаньяху. Фота Erik Marmor/Getty Images

Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху і ягоная партыя «Лікуд» абвінавацілі арабскія партыі ў фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 27 кастрычніка, паведамляе Bild.

«Выбары ў Дзяржаве Ізраіль былі скрадзеныя арабскімі партыямі», — гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай у Instagram.

«Лікуд» сцвярджае, што арабскія партыі РААМ і «Аб’яднаны спіс» выкарыстоўвалі подкуп, пагрозы, гвалт, падробку дакументаў і забароненыя праграмы для мабілізацыі выбарцаў.

Партыя Нетаньяху запатрабавала неадкладнага расследавання і заявіла пра намер перадаць паліцыі, службе ўнутранай бяспекі ШАБАК і Цэнтральнай выбарчай камісіі сотні сведчанняў і доказаў меркаваных парушэнняў.

Сярод іх, паводле сцвярджэнняў «Лікуда», — тысячы канвертаў з наяўнымі грашыма і бюлетэнямі РААМ. Аднак прадстаўнік выбарчай камісіі ў інтэрв’ю Channel 12 адхіліў абвінавачанні. Паводле звестак ізраільскіх СМІ, паліцыя таксама пакуль не выявіла доказаў маштабных фальсіфікацый.

Абвінавачанні прагучалі на фоне падліку галасоў.

Згодна з папярэднімі вынікамі, блок Нетаньяху атрымлівае 53 месцы ў 120‑мясцовым Кнэсеце, апазіцыя на чале з Гадзі Айзенкотам — 48, а арабскія партыі — рэкордныя 19.

Для парламенцкай большасці неабходна 61 месца, якога пакуль няма ні ў аднаго з двух асноўных блокаў. Такім чынам, арабскія партыі могуць адыграць вырашальную ролю ў фармаванні наступнага ўрада.

Канчатковыя вынікі выбараў чакаюцца сёння.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула