БЕЛ Ł РУС

Пальчыс: Пратасевіч нават не паспрабаваў зламаць тэлефон і ноўтбук, выкінуць іх у туалет — што заўгодна

29.10.2026 / 12:25

Nashaniva.com

Пасля выхаду інтэрв’ю з Соф’яй Сапегай былы палітвязень Эдуард Пальчыс расказаў пра ролю Рамана Пратасевіча ў сваёй крымінальнай справе.

Для першага допісу ў мяне была іншая тэма, але сёння выйшла надзвычай важнае і цікавае інтэрв'ю Соф'і Сапегі.

Калі што, Раман Пратасевіч — мой галоўны і любімы сведка па маёй жа крымінальнай справе (чаму — напішу крыху пазней).

Я памятаю, як 24 мая 2021 года раніцай ляжаў на трэцім ярусе ў камеры Валадаркі, а на фоне працаваў тэлевізар. Я чытаў і паралельна слухаў навіны:

«Учора была здзейсненая вымушаная пасадка самалёта авіякампаніі Ryanair у Мінску…»

Я скоса зірнуў на экран і пачаў глядзець рэпартаж. Выглядала ўсё нібыта нейтральна, быццам адбылася тэхнічная памылка. І вось ужо напрыканцы рэпартажу прагучала:

«З рэйса быў зняты пасажыр, які знаходзіўся ў вышуку. Ім аказаўся Раман Пратасевіч…»

Я вярнуўся да кнігі. У гэты момант мне стала абсалютна ўсё зразумела і пра самалёт, і пра тое, што адбылося. Не сказаць, што я быў у шоку. Хутчэй адчуў, што знаходжуся ў нейкім дзіўным серыяле на Netflix.

Пратасевіч, якога я ведаў яшчэ да 2020‑га і якога аднойчы сасватаў на стыпендыю Радыё Свабода, які прызнаваўся мне, што марыць стаць ваенным карэспандэнтам у гарачых кропках і працаваць на амерыканскія медыя, — прыляцеў. Я думаў толькі пра тое, ці зможа ён прайсці гэтае выпрабаванне.

Потым, ужо знаёмячыся са сваёй крымінальнай справай, я ўбачыў пацвярджэнне словам Сапегі, што Рома страшэнна запанікаваў.

Мая галоўная прэтэнзія да яго ў тым, што ён нават не паспрабаваў знішчыць тэхніку. Зламаць тэлефон і ноўтбук, выкінуць іх ва ўнітаз, запусціць працэс фарматавання — што заўгодна. Ён цалкам аддаў тэлефон, у якім следчыя спакойна капаліся з дапамогай спецыяльнага праграмнага забеспячэння, выгружаючы ўсе звесткі. Уводзілі прозвішча чалавека, які іх цікавіў, і адразу бачылі ўсю перапіску або ўзаемасувязі.

І пазней, ездзячы па судах і знаёмячыся з астатнімі палітычнымі, я даведваўся пра наступствы яго выбару.

Людзей, якіх здаў Пратасевіч, затрымлівалі надзвычай жорстка: збіццё, катаванні, прыніжэнні — усё ішло поўным камплектам. Асабліва тых, хто дапамагаў здабываць звесткі пра сілавікоў і чыноўнікаў.

А да мяне на суд яго нават не рызыкнулі прыводзіць. Суддзя паказушна некалькі разоў пытаўся ў пракурора: «А дзе ж галоўны сведка?», на што нязменна атрымліваў адказ: «На следчых дзеяннях». Відаць, баяліся, што я змагу аказаць на яго псіхалагічнае ўздзеянне.

Дарэчы, ужо тады зняволеныя пачалі перашэптвацца, што Сапега паводзіць сябе куды больш годна за Рамана. І інтэрв'ю Соф'і гэта цалкам пацвярджае. Спадзяюся, што Соф'я зможа акрыяць пасля ўсяго і аднавіцца.

Чытайце таксама:

Каго і чаму здаў Раман Пратасевіч. Гэта гісторыя пра тое, як адно фота можа змяніць усё жыццё. Многа жыццяў 

Каментары да артыкула