БЕЛ Ł РУС

Кіраўніца Еўрапейскага цэнтральнага банка Крысцін Лагард абвясціла аб датэрміновай адстаўцы

29.10.2026 / 13:47

Nashaniva.com

70‑гадовая Лагард узначальвае ЕЦБ з лістапада 2019 года.

Крысцін Лагард. Фота: Sirachai Arunrugstichai/Bloomberg via Getty Images

Прэзідэнтка Еўрапейскага цэнтральнага банка Крысцін Лагард абвясціла, што пакіне сваю пасаду 7 лютага 2027 года — прыкладна за дзевяць месяцаў да заканчэння васьмігадовага тэрміну паўнамоцтваў. Пра гэта сёння афіцыйна паведаміў ЕЦБ, піша Bild.

70‑гадовая Лагард узначальвае рэгулятар з лістапада 2019 года. За час яе кіраўніцтва банк сутыкнуўся з эканамічнымі наступствамі пандэміі каранавіруса і рэзкім ростам інфляцыі, у адказ на які неаднаразова павышаў працэнтныя стаўкі.

Прычыны датэрміновай адстаўкі Лагард пакуль не раскрываюцца. Раней СМІ паведамлялі пра магчымы пераход былой кіраўніцы Міжнароднага валютнага фонду ў Сусветны эканамічны форум.

Сярод прэтэндэнтаў на яе пасаду называюць былога кіраўніка Цэнтральнага банка Нідэрландаў Клааса Кнота і іспанскага эканаміста Пабла Эрнандэса дэ Коса. Канчатковае рашэнне аб прызначэнні новага прэзідэнта ЕЦБ павінны прыняць лідары дзяржаў еўразоны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула