БЕЛ Ł РУС

«Негр вырашае, як паводзіць сябе карэнным беларусам?» Былая палітзняволеная Вішняк наехала на Алану Гебрэмарыям

29.10.2026 / 19:27

Баляслаў Ліманоўскі

Вішняк пераконвае, што яе выказванні тычацца выключна палітычных разыходжанняў. Але, тлумачачы сваю пазіцыю, зноў вяртаецца да тэмы расы і этнічнага паходжання.

Скандал пачаўся з серыі скрыншотаў са сторыс Ганны Вішняк у інстаграме, якія хутка разышліся па сацсетках. На апублікаваных кадрах актывістка размясціла эмацыйныя тэкставыя допісы з нецэнзурнай лаянкай і абразамі ў адрас былой палітзняволенай Аланы Гебрэмарыям. У сторыс у інстаграме Вішняк у грубай форме абураецца тым, што цемнаскурая дзяўчына «вырашае, як паводзіць сябе карэнным беларусам», і патрабуе выключыць яе з дэмакратычнага руху.

Сторыс Ганны Вішняк у Інстаграме

Свае думкі яна раскрыла падрабязней у фэйсбуку. Там яна скардзіцца на прысутнасць людзей эфіопскага паходжання ў беларускай дыпламатыі, протапарламенце і дыскусіях пра нацыянальную ідэнтычнасць.

Допіс Ганны Вішняк з фэйсбука

У размове з журналістам «Нашай Нівы» Ганна Вішняк сказала, што ў яе «не было ніякага канфлікту ні з кім», а яе выказванні тычацца выключна палітычных разыходжанняў.

Тым не менш, тлумачачы сваю пазіцыю, яна зноў звярнулася да расісцкіх выказванняў.

«Мы ўсе добра разумеем, як выглядае этнічны беларус», — даводзіць Вішняк. Яе абурае, што чалавек, які візуальна «зусім не выглядае як карэнны беларус», прасоўвае чужыя для краіны наратывы.

Вішняк катэгарычна выступае супраць любых кампрамісаў з лукашэнкаўцамі, назваўшы сваіх апанентаў — у прыватнасці, Алану Гебрэмарыям, Марыю Калеснікаву, Таццяну Хоміч, а таксама Івана Краўцова — «лабістамі Лукашэнкі».

Яна перакананая, што беларусы ўнутры краіны выступаюць супраць перамоў і саступак рэжыму, але вымушаныя маўчаць праз рэпрэсіі, таму сама яна лічыць сваім правам гаварыць рэзка і без аглядкі на абмежаванні.

Напрыканцы размовы Вішняк супрацьпаставіла пазіцыю Гебрэмарыям сваім уласным прынцыпам, а таксама поглядам некаторых былых палітзняволеных. Яна падкрэсліла, што для іх заўсёды існавала выразная формула: «Лукашэнка — гэта вораг, а Крым — гэта Украіна». Актывістка паставіла пад сумнеў і праўкраінскую пазіцыю Гебрэмарыям.

Ахарактарызаваўшы лінію сваёй апаненткі як «прарасійскую», Вішняк падсумавала, што «людзям з такімі поглядамі няма месца ў беларускай дэмакратычнай супольнасці».

У адказ Алана Гебрэмарыям напісала, што будзе збіраць выпадкі тых, каму «нашкодзіла Ганна Вішняк». 

Скрыншот сторыс Аланы Гебрэмарыям

Алана Гебрэмарыям патлумачыла «Нашай Ніве», што расісцкія выпады сталі толькі апошняй кропляй, а сапраўдная праблема значна глыбейшая.

Паводле яе слоў, яшчэ падчас зняволення ў гомельскай жаночай калоніі №4 Вішняк сутыкала ілбамі палітзняволеных жанчын, правакавала канфлікты, наўмысна парушала правілы ўнутранага распарадку, падстаўляючы іншых, і распаўсюджвала чуткі пра тое, што Гебрэмарыям ды іншыя нібыта супрацоўнічаюць з адміністрацыяй або «не да канца патрыёты».

Пасля выхаду на волю і ад'езду ў эміграцыю цкаванне працягнулася. Гебрэмарыям распавяла, што Вішняк нават склала дакумент з выдуманымі «характарыстыкамі» на розных былых палітзняволеных жанчын і абвінавачаннямі іх у працы на аператыўнікаў, які пасля скінула ў чат сваякоў палітвязняў, чым шакавала бацькоў.

Акрамя таго, паводле слоў Аланы, Вішняк прыходзіла на закрытыя мерапрыемствы дэмсілаў, дзе падыходзіла да калег Гебрэмарыям і пераконвала іх, што тая нібыта супрацоўнічала з рэжымам. Таксама былі выпадкі пагроз іншым людзям, у тым ліку ад мужчын, якія дзейнічалі ад імя Ганны.

Гебрэмарыям падкрэслівае, што асцерагаецца за ўласную бяспеку і бяспеку іншых жанчын, бо лічыць, што Вішняк здольная перайсці ад пагроз да фізічнай расправы. Да падачы калектыўнай заявы ў паліцыю ўжо гатовыя далучыцца і іншыя пацярпелыя, з якімі Алана збірае доказы — скрыншоты ды галасавыя паведамленні.

Таксама актывістка чакае ад лідараў дэмакратычных сіл не проста агульнага асуджэння ксенафобіі, а поўнай забароны для Ганны Вішняк на ўдзел у любых мерапрыемствах і канферэнцыях дэмакратычнай супольнасці, бо раней непублічныя скаргі палітзняволеных у структуры заставаліся без адказу.

На скандал адрэагавала і Святлана Ціханоўская. У каментары «Люстэрку» яна сказала, што «гэты выпадак можа выклікаць толькі расчараванне і асуджэнне».

«Усе мы можам быць у чымсьці рознымі, але гэта не перашкаджае нам быць беларусамі. Вельмі дзіўна чуць пра такое», — падсумавала лідарка дэмакратычных сіл.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула