БЕЛ Ł РУС

КДБ запусціў новы бот у тэлеграме для вярбоўкі беларусаў за мяжой. Прапануюць расклейваць улёткі, фатаграфаваць аб'екты і «нешта іншае»

31.10.2026 / 10:00

Баляслаў Ліманоўскі

Спецслужбы рассылаюць прапановы аб падпрацоўцы праз тэлеграм-бот і абяцаюць заробак да 1400 еўра. Спачатку просяць расклеіць правакацыйныя ўлёткі, у якіх палякам у выпадку акупацыі раяць «не фатаграфаваць вайсковай тэхнікі і не перашкаджаць яе руху».

Адна з такіх аб'яў. Фота: Чат Беларусы Вільні

Прапановы з «простай падпрацоўкай» пачалі масава з'яўляцца ў чатах беларускай дыяспары ў Польшчы і Літве (напрыклад, у суполцы «Беларусы Вільні»), а таксама прыходзіць у асабістыя паведамленні тым, хто пакідаў каментары ў чатах.

Прыклад паведамлення, якое прыйшло аднаму з людзей, які напісаў у чат «Партызанкі»

У аб'явах шукаюць людзей са смартфонам, якім прапануюць рабіць фота патрэбных аб'ектаў. Аўтары асобна падкрэсліваюць, што праца «не звязаная з наркотыкамі ці закладкамі», і накіроўваюць за падрабязнасцямі ў бот.

Як вынікае з перапісак з аператарамі бота, якія трапілі ў распараджэнне «Нашай Нівы», насамрэч адразу фатаграфаваць аб'екты не просяць. Для праверкі на «адэкватнасць» выканаўцам у Варшаве, Познані ды іншых гарадах спачатку ставяць задачу раздрукаваць і расклеіць на скотч у людных месцах ад 10 да 100 улётак.

Знешні выгляд бота. Скрыншот з тэлеграма

За адну паперку абяцаюць адзін еўра, грошы прапануюць перавесці на картку альбо сэрвіс Wise адразу пасля фотасправаздачы. Самі вярбоўшчыкі называюць гэта «сацыяльнай рэкламай» або «вывучэннем сацыяльных паводзін», а мінакам на вуліцы раяць казаць, што адбываюцца здымкі фільма ці сацыяльны эксперымент.

Насамрэч улёткі маюць правакацыйны змест: яны аформленыя з выкарыстаннем польскага герба на фоне сілуэта Варшавы і маюць загаловак «Правілы бяспечных паводзін у выпадку акупацыі» (Zasady bezpiecznego zachowania w przypadku okupacji).

У пяці пунктах жыхарам Польшчы раяць «не правакаваць», «не здымаць вайсковай тэхнікі і месцаў яе дыслакацыі», «не блакаваць дарог і не затрымліваць вайсковых калон», а таксама зрабіць запасы вады з ежай і заставацца дома.

Улётка, якую прапануюць расклейваць у Польшчы

Толькі пасля выканання гэтага тэставага задання куратары абяцаюць перайсці да больш сур'ёзных даручэнняў — фотаздымкі аб'ектаў і «іншай працы», за якую прапануюць ад 150 да 1400 еўра.

Такім чынам спецслужбы могуць не толькі ладзіць інфармацыйныя правакацыі ў краінах ЕС, але і збіраць асабістыя ды плацежныя даныя беларусаў за мяжой, каб пасля шантажаваць іх і прымушаць да шпіянажу ці дыверсій.

Чытайце таксама:

У Францыі затрымалі беларуса за шпіянаж і спробу падпалу завода, які вырабляе баявыя дроны

У Германіі затрымалі ўкраінца за шпіянаж на карысць Расіі

«Або на 15 гадоў, або трэба будзе дапамагчы краіне». Былы палітвязень заяўляе, што яго завербаваў КДБ і адправіў у Польшчу выконваць заданні

Каментары да артыкула