БЕЛ Ł РУС

У Германіі 70 ратавальнікаў прыехалі на месца здарэння, каб зняць з дамка на дрэве п'янага мужчыну

30.10.2026 / 15:27

Nashaniva.com

Пасля вечарынкі 25‑гадовы мужчына не мог спусціцца з дамка на дрэве.

Bild

У нямецкай зямлі Саксонія каля 70 супрацоўнікаў экстраных службаў удзельнічалі ў выратаванні 25‑гадовага мужчыны, які пасля вечарынкі не змог самастойна спусціцца з дамка на дрэве, піша Bild.

Здарэнне адбылося ўвечары 29 кастрычніка непадалёк ад населенага пункта Земанталь. Кампанія маладых людзей зладзіла вечарынку ў дамку на вышыні каля шасці метраў. Калі адзін з удзельнікаў з-за моцнага алкагольнага ап'янення не змог спусціцца, яго сябры выклікалі пажарных.

З-за цяжкадаступнага размяшчэння дамка побач з чыгуначнымі шляхамі ратавальнікам давялося дабірацца да месца на дрызіне.

Спецыялісты вышынных работах падняліся да мужчыны, замацавалі яго ў выратавальных насілках і асцярожна спусцілі на зямлю з дапамогай тросаў.

Затым пацярпелага даставілі на дрызіне да машыны хуткай дапамогі і адвезлі ў бальніцу.

Перад шпіталізацыяй паліцыя праверыла ўтрыманне алкаголю ў крыві мужчыны. Алкатэстар паказаў 2,5 праміле, што адпавядае цяжкаму алкагольнаму ап'яненню і можа суправаджацца сур'ёзнымі парушэннямі ў працы арганізма.

У выратавальнай аперацыі ўдзельнічалі пажарныя, паліцыя, медыкі і спецыялісты па вышынным выратаванні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула