БЕЛ Ł РУС

«Гэта ўвогуле законна?» Цэннік на рынку здзівіў нават юрыста

30.10.2026 / 18:16

Nashaniva.com

На агароднінным кірмашы ў Мінску купцам прапануюць два варыянты: узяць перац па 2,90 рубля за кілаграм ці выбраць яго самастойна, але ўжо па 5 рублёў. Цэннікам падзялілася чытачка выдання «Анлайнер».

Фота: чытачка «Анлайнера»

«На агароднінным кірмашы заўважыла незвычайны цэннік: спачатку пазначана 2,90 рубля, а ніжэй — 5 рублёў, калі выбіраць перац самастойна. Гэта значыць, калі сама выбіраеш тавар, ён амаль у два разы даражэйшы. А калі перац пакладзе прадавец, можна купіць танней. Гэта наогул законна?» — напісала чытачка ў рэдакцыю выдання.

Паводле яе слоў, гэты цэннік быў зняты ў адной з палатак на вуліцы Ясеніна.

Жанчына вырашыла перапытаць прадавачку, ці правільна зразумела ўмовы. Тая патлумачыла, што ўсе перцы добрыя, але некаторыя могуць быць з зялёным бачком або няроўнай формы. Калі ж даць пакупнікам выбіраць самім, яны, паводле слоў прадавачкі, возьмуць толькі самыя чырвоныя і роўныя.

«Я ўзяла па 2,90, і ўсе аказаліся з гнільцой», — дадала чытачка.

Журналісты папрасілі юрыста Івана Райкевіча ацаніць такую практыку.

«Я разумею, што рынак — гэта месца, дзе часам працуюць свае законы, але не настолькі ж?

Падпункт 1.3 пункта 1 артыкула 5 закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» замацоўвае права спажыўца на свабодны выбар тавараў, работ і паслуг. А браць са спажыўца грошы за рэалізацыю ягонага ж права — гэта ніяк не суадносіцца з нормамі закона.

Гэта нават не дадатковая паслуга, гэта проста плата з боку спажыўца за тое, што яму дазваляецца рэалізаваць свае правы.

Іншымі словамі, за падобныя вытанчаныя спосабы браць грошы са спажыўца прадавец можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці», — кажа юрыст.

Чытайце таксама:

Што купіць на мінскай Камароўцы: таматы — па 1,5 рубля, хурма — па 4 рублі

Беларусцы ў краме адмовіліся распалавініць кавалак мяса. Ці законна гэта?

У Нясвіжскім замку прадаюць сувенір за $2,8 тысячы

Каментары да артыкула