БЕЛ Ł РУС

Закрыла сабой сына і дачку: у Крамянчугу ў выніку расійскай атакі загінула маці дваіх дзяцей

31.10.2026 / 13:17

Nashaniva.com

У выніку абстрэлу 29 кастрычніка загінула Ганна. Жанчына не паспела перайсці ў бяспечнае месца да атакі, але закрыла сабой дачку Ксенію і сына Ягора, паведамляе «Суспільне».

«Сёння разам з табой пайшла частка мяне. Я так шмат табе не сказала, я так мала цябе абдымала. Ты найлепшы, найсвятлейшы, найдабрэйшы чалавек у свеце. Сёння цябе ў нас забралі.

Анюта, цябе так усе любяць. Мне неймаверна цяжка цяпер падабраць словы, але я бязмежна ўдзячная табе за ўсё, што ты рабіла для мяне, за тваю дапамогу, любоў! Ты застанешся ў маім сэрцы назаўжды. Я буду любіць цябе ўсё сваё жыццё! Я зраблю ўсё для тваіх дзяцей, каб яны былі шчаслівыя!» — напісала дзяўчына.

Іна спадзяецца, што сястра «будзе аберагаць сваіх дзетак з нябёсаў».

«Іхні тата вельмі моцны, і я веру, што яны разам з дзецьмі пройдуць гэты нялёгкі шлях. Ягорка абавязкова стане футбалістам, як і марыла яго матуля. І я ведаю, што наша Аня з нябёсаў будзе глядзець на яго і ганарыцца. Ксенія будзе мамінай прынцэсай. Вырасце, будзе гатаваць найсмачнейшыя дэсерты і радаваць усіх навокал», — дадала сястра загінулай.

Пахаванне Ганны адбудзецца сёння ў вёсцы Паграбы на могілках па вуліцы Шаўчэнкі.

29 кастрычніка расіяне трапілі беспілотнікам у шматкватэрны дом у Крамянчугу. На месцы таксама гарэлі аўтамабілі і гаспадарчая пабудова. У выніку абстрэлу загінулі тры чалавекі, яшчэ 32 мясцовыя жыхары атрымалі раненні, сярод іх было шасцёра дзяцей. Дзевяць параненых шпіталізавалі — 16‑гадовы хлопец і 72‑гадовы мужчына знаходзіліся ў цяжкім стане.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула