БЕЛ Ł РУС

У Аргенціне банк Galicia пачаў закрываць рахункі беларусам, украінцам і расіянам

31.10.2026 / 14:14

Nashaniva.com

 Амаль 500 чалавек рыхтуюць калектыўны пазоў.

Фота: Sarah Pabst/Bloomberg via Getty Images

Аргенцінскі банк Galicia з канца кастрычніка пачаў без папярэджання закрываць рахункі беларусаў, украінцаў і расіян, якія пераехалі ў краіну. Абмежаванні закранулі ў тым ліку людзей з аргенцінскім грамадзянствам і рахункамі для заробку ў мясцовых кампаніях. Амаль 500 чалавек з Расіі і Беларусі рыхтуюць калектыўны пазоў супраць банка, паведамляе «Медуза».

Першыя скаргі з'явіліся 28—29 кастрычніка. Кліенты выявілі, што іх рахункі перасталі паказвацца ў банкаўскім дадатку. Некаторым карыстальнікам таксама адмовілі ў адкрыцці новых рахункаў. Пры звароце ў аддзяленні супрацоўнікі Galicia тлумачылі закрыццё рахункаў «камерцыйным рашэннем» банка. Іншых падрабязнасцяў яны не паведамлялі.

«Што ні дзень, то прыгода. З учорашняга дня ў мяне не бачны рахунак у Galicia. Сёння я схадзіла ў банк. Сказалі: банк закрыў вам рахунак паводле ўнутранага рашэння. І больш ніколі вы яго не зможаце адкрыць. Пу-пу-пууууу. Ні электроннага ліста, ні якога-небудзь апавяшчэння я, вядома, не атрымала», — расказала адна з кліентак.

Пацярпелым прапанавалі забраць рэшту сродкаў у аддзяленнях банка, аднак, паводле слоў кліентаў, зрабіць гэта можна не ў кожным аддзяленні.

Пры гэтым блакаванне закранула не ўсіх расіян, украінцаў і беларусаў. Некаторыя кліенты з расійскім грамадзянствам працягваюць карыстацца рахункамі без абмежаванняў. На закрыццё рахункаў таксама скардзяцца аргенцінцы.

Амаль 500 чалавек з Расіі і Беларусі рыхтуюць калектыўны пазоў, каб высветліць прычыны закрыцця рахункаў. Да чата пацярпелых далучыліся больш за 400 чалавек.

Кліенты мяркуюць, што закрыццё рахункаў можа быць звязанае са зліццём Galicia з аргенцінскім падраздзяленнем HSBC. Пацвярджэнняў гэтай версіі няма. Афіцыйна банк сітуацыю пакуль не каментаваў.

Galicia — адзін з буйных прыватных банкаў Аргенціны, папулярны ў тым ліку сярод замежнікаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула