Латвія бестэрмінова забараніла ўезд Ксеніі Сабчак і яе мужу Канстанціну Багамолаву
Адпаведную пастанову вынесла міністр замежных спраў краіны Байба Бражэ.
Ксенія Сабчак
Міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ ўнесла журналістку Ксенію Сабчак і яе мужа, рэжысёра Канстанціна Багамолава, у спіс асоб, непажаданых для краіны, і бестэрмінова забараніла ім уезд у краіну. Пра гэта кіраўнік МЗС паведаміла ў X.
«У адпаведнасці з часткай 3 артыкула 104 Закона аб іміграцыі я ўнесла грамадзян Расійскай Федэрацыі Ксенію Сабчак і Канстанціна Багамолава ў спіс асоб, непажаданых для Латвіі, і на нявызначаны тэрмін забараніла ім уезд у Латвію», — напісала Бражэ.
Частка 3 артыкула 104 Закона аб іміграцыі Латвіі дазваляе забараняць замежным грамадзянам уезд у краіну. Адпаведнае рашэнне прымае міністр замежных спраў, паведамляе Delfi.lv.
Багамолаў — расійскі тэатрал і кінарэжысёр, вядомы сваімі пастаноўкамі ў маскоўскіх тэатрах. Сабчак і Багамолаў пажаніліся ў 2019 годзе.