БЕЛ Ł РУС

Беларуская чыгунка паказала новыя пасажырскія вагоны ў фірмовым стылі

31.10.2026 / 15:35

Nashaniva.com

У купэйных вагонах і вагонах СВ ніжнія лавы лёгка трансфармуюцца ў сядзенні.

У пятніцу са станцыі Мінск-Пасажырскі ў першы рэйс адправіўся фірмовы цягнік № 2 Мінск — Масква «Беларусь». Ён незвычайны тым, што складаецца з новых вагонаў, паведамляе прэс-служба БЧ.

У склад цягніка ўваходзяць сучасныя вагоны класаў СВ, купэ і плацкарт. Кожны з іх спалучае ў сабе тэхналагічнасць і зручнасць для пасажыраў.

У купэйных вагонах і вагонах СВ ніжнія лавы лёгка трансфармуюцца ў сядзенні, што дазваляе пасажырам выбіраць найбольш зручны варыянт адпачынку ў дарозе. Таксама прадугледжаны індывідуальныя сейфы.

Штабныя вагоны спецыяльна абсталяваныя для перавозкі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама тых, хто іх суправаджае.

Экалагічна чыстыя туалетныя комплексы, сістэмы абеззаражвання вады і паветра, а таксама кандыцыянавання ствараюць у вагонах здаровае і камфортнае асяроддзе. Акрамя таго, ва ўсіх вагонах ёсць санітарныя вузлы з душавымі кабінамі.

Аўтаматычныя дзверы, герметызаваныя міжвагонныя пераходы, прадуманая сістэма асвятлення і іншыя тэхнічныя рашэнні робяць карыстанне вагонамі зразумелым і зручным.

Не забыліся і пра штодзённыя патрэбы падарожнікаў. У вагонах прадугледжаныя індывідуальныя разеткі для зарадкі асабістых прылад. Цяпер можна не хвалявацца, што ў дарозе разрадзіцца тэлефон або ноўтбук.

Афармленне інтэр'ераў распрацавана і выраблена сумесна з прадпрыемствамі канцэрна «Беллегпрам». У дызайне покрываў і трымальнікаў для штор выкарыстаная стужка з выявай васількоў. Васількі сталі таксама матывам для вышыўкі на ільняных падгалоўніках і сурвэтках.

Элементы фірмовага афармлення нанесеныя на ручнікі і посуд, вырабленыя на прадпрыемствах Беларусі.

У 2026 годзе Беларуская чыгунка атрымала 30 новых пасажырскіх вагонаў. Яны будуць курсаваць у складзе фірмовага цягніка № 2/1 Мінск — Масква «Беларусь».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула