Вайсковец, якога ўпершыню эвакуявалі з баявой пазіцыі дронам, стаў Героем Украіны
Вайсковец 30‑й асобнай механізаванай брыгады Канстанцін Уласенка правёў 491 дзень на пазіцыі каля Сінькоўкі ў Харкаўскай вобласці. На працягу 232 дзён ён заставаўся там адзін, нягледзячы на цяжкае раненне.
Канстанцін Уласенка
У лютым расійскія войскі знішчылі пазіцыю, якую абараняў Уласенка. Падчас адступлення ён атрымаў цяжкія раненні абедзвюх ног. З-за гангрэны вайсковец страціў адну ступню, а другую быў вымушаны ампутаваць самастойна. Нягледзячы на гэта, ён працягваў сачыць за дзеяннямі праціўніка і перадаваць інфармацыю сваім пабрацімам.
Пасля некалькіх няўдалых спробаў эвакуацыі 4 кастрычніка Уласенку ўдалося вывезці з дапамогай цяжкага гексакоптара «Аюдаг-6», спецыяльна прыстасаванага для транспартавання чалавека.
Цяпер 49‑гадовы вайсковец знаходзіцца ў Львове, дзе пройдзе пратэзаванне і рэабілітацыю.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, згодна з якім Канстанціну Уласенку прысвоена званне Героя Украіны.