Беларус з праблемамі з псіхікай стаў у Расіі намінальным дырэктарам. А як справа накрылася, забралі на фронт — у адзін канец
У Беларусі Максіма Серафімовіча замест калоніі адправілі ў псіхбальніцу. У Расіі ж — у штурмавікі.
Максім Серафімовіч. Фота: Vk.com
24‑гадовага Максіма Серафімовіча з вёскі Гліннікі Талачынскага раёна афіцыйна абвесцілі зніклым без вестак. Яго шукае ваенная паліцыя Нара-Фамінскага гарнізона (Маскоўская вобласць Расіі) — а гэта з максімальнай доляй верагоднасці значыць, што беларус згінуў у чарговым мясным штурме на тэрыторыі Украіны.
Мяркуючы па сацсетках, Серафімовіч вучыўся ў спецшколе. Калі яму было 16, скраў у Оршы на вакзале тэлефон. У 17 гадоў у сталовай Ульскага дзяржаўнага каледжа (аграгарадок Ула Бешанковіцкага раёна) пабіўся з іншым студэнтам.
Па інфармацыі Belpol, на Серафімовіча завялі дзве справы, але ад крымінальнай адказнасці вызвалілі. Замест выхаваўчай калоніі яму прызначылі лячэнне ў псіхбальніцы.
Максім яшчэ некалькі гадоў заставаўся ў Беларусі, працаваў у «Талачын-Камунальніку». А пасля паехаў скараць Расію.
Серафімовіч асеў у падмаскоўным Чэхаве, пагадзіўся стаць намінальным заснавальнікам і дырэктарам у некалькіх прадпрыемствах. У расійскіх уладаў не ўзнікла ніякіх пытанняў да адэкватнасці беларуса.
І «Беркакітсэрвіс» і «Чульманпрам» — тыповыя фірмы на адзін дзень. Якія-ніякія грошы такому намінальнаму дырэктару спачатку дадуць. Затое калі да бізнэсу ўзнікнуць пытанні ў праваахоўнікаў, то адказваць будзе менавіта ён.
Выглядае, што ў сітуацыі з Серафімовічам так і адбылося. «Дырэктарам» ён стаў у маі 2026 года. А ўжо ў кастрычніку знік без вестак. Найімаверна, за гэты час паспеў сутыкнуцца з завядзеннем крымінальнай справы і прапановай закрыць яе ў абмен на падпісанне кантракту з войскам.
Максім Серафімовіч