Стары касмічны тэлескоп NASA вось-вось упадзе на Зямлю — ён важыць паўтары тоны
Паводле прагнозу Касмічных сіл ЗША, тэлескоп увойдзе ў атмасферу ў наступную пятніцу.
Касмічны апарат Swift, загорнуты ў ахоўны чахол, на базе ВПС на мысе Канаверал, у Фларыдзе. 9 верасня 2002 года. Фота: NASA via AP
Старэючы касмічны тэлескоп NASA Swift хутка ўпадзе на Зямлю. Спроба выратаваць яго правалілася, і ён з кожным днём апускаецца ўсё ніжэй, паведамляе Associated Press.
Паводле прагнозу Касмічных сіл ЗША, тэлескоп увойдзе ў атмасферу ў наступную пятніцу. Ён важыць каля паўтары тоны, і большая частка павінна згарэць. Захавацца могуць толькі некалькі дэталяў з вальфраму, які шчыльнейшы за свінец, і часткі люстэркаў. Хутчэй за ўсё, абломкі ўпадуць у акіян. Аднак у зону магчымага падзення трапляюць Афрыка, Аўстралія, Індыя, Паўднёва-Усходняя Азія, Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка.
Тэлескоп зніжаўся хутчэй, чым звычайна, з-за таго, што апошнія гады Сонца было вельмі актыўнае. Год таму NASA наняло кампанію Katalyst Space для тэрміновай выратавальнай місіі. Яе трохрукі робат Link стартаваў у ліпені, але сутыкнуўся з праблемамі. Да тэлескопа ён наблізіўся толькі на 12—15 км, а ў верасні сам упаў на Зямлю.
Swift запусцілі 20 лістапада 2004 года. За гэты час ён зафіксаваў больш за 2000 гама-ўспышак, 1400 выбухаў зорак і шмат камет, астэроідаў і чорных дзірак.
Яго галоўнай перавагай была здольнасць хутка паварочвацца да падзей у космасе. Чым замяніць Swift, навукоўцы яшчэ не вырашылі.