У Швейцарыі моладзь таксама пратэстуе. Былі сутычкі з паліцыяй
Агульны лозунг акцый быў «On en a marre — en Suisse aussi!», гэта значыць «З нас хопіць, і ў Швейцарыі таксама».
Пратэсты ў Цюрыху. Скрыншот відэа
Вечарам 31 кастрычніка ў некаторых гарадах Швейцарыі прайшлі пратэсты, якія перараслі ў беспарадкі, пішуць выданні NZZ і 20 Minuten.
Некалькі сотняў чалавек сабраліся ў Цюрыху. Частка была ў хэлоўінскіх касцюмах, іншыя схавалі твары пад маскамі або надзелі ахоўныя акуляры. Пратэстоўцы запальвалі феерверкі, будавалі барыкады з кантэйнераў для смецця, электрасамакатаў і падпальвалі іх.
Былі таксама разбітыя вітрыны, пашкоджаны прыпынак грамадскага транспарту і падпаленае паліцэйскае аўто.
Паводле гарадской паліцыі, у афіцэраў кідалі феерверкі, камяні і бутэлькі, а паліцыя адказала вадамётамі, гумовымі кулямі.
Да 1:30 ночы сітуацыя ў асноўным супакоілася.
У той жа вечар беспарадкі адбыліся і ў Базелі.
Агульны лозунг акцый быў «On en a marre — en Suisse aussi!», гэта значыць «З нас хопіць, і ў Швейцарыі таксама». Людзі пратэставалі супраць дарагога кошту жыцця.
Акцыі пратэсту апошнім часам праходзяць і ў іншых краінах Еўропы. Так, у Германіі 31 кастрычніка прайшлі моладзевыя акцыі пад назвай «Gen Z regelt».