Амерыканцы папярэдзілі пра магчымы тэракт у Маскве. ФСБ у выніку праверкі затрымала падлетка
Падлетак нібыта размясціў у TikTok свае фатаграфіі ў тактычнай вопратцы і балаклаве з прадметам, падобным да аўтаматычнай зброі.
Музей-запаведнік «Царыцына». Фота: Wikimedia Commons
Учора амерыканскія праваахоўныя органы папярэдзілі Расію пра падрыхтоўку тэракту ў музеі-запаведніку «Царыцына».
У выніку праверкі ФСБ затрымала ў Маскве падлетка, паведамляе РБК са спасылкай на расійскія спецслужбы. Паводле даных ведамства, падлетак размясціў у TikTok свае фатаграфіі ў тактычнай вопратцы і балаклаве з прадметам, падобным да аўтаматычнай зброі. Ён таксама апублікаваў здымкі, зробленыя ў «Царыцыне» з подпісам «I found a place» («Я знайшоў месца»).
Дома ў падлетка знайшлі вопратку і аксэсуары з фатаграфій. У яго прыладах, як паведамляе ФСБ, знайшлі акаўнт TikTok, з якога размяшчаліся пагрозы, падпіску на неанацысцкі канал у Telegram, а таксама «значную колькасць пошукавых запытаў пра здзейсненыя тэрарыстычныя акты, масавыя забойствы і іншыя гвалтоўныя акцыі».