Перад беларускай уніяцкай царквой у Антверпене пакінулі каністру з бензінам і піратэхнікай. Падазраванага затрымалі
Паліцыя ачэплівала вуліцу. Сённяшнюю службу давялося адмяніць.
Ачэпленая тэрыторыя вакол храма. Скрыншот відэа
Сёння каля 8 гадзін раніцы паліцыі Антверпена (Бельгія) паведамілі пра тое, што перад храмам Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (на вуліцы Лангэ Белдэкенсстраат) стаяла каністра з бензінам. Да каністры была прыклеена піратэхніка. У гэтым касцёле праходзяць набажэнствы Беларускай грэка-каталіцкай царквы, паведамляе VRT.
Так выглядае храм. Фота: carkva.be
Па нядзелях там ладзяць літургіі на беларускай мове. Але сённяшнюю давялося адмяніць праз праверку пасля паведамлення пра магчымую бомбу, напісаў у фэйсбуку святар царквы Іван Майсейчык.
Вуліцу, дзе знаходзіцца царква, на нейкі час давялося перакрыць.
Паліцыя затрымала падазраванага. Цяпер расследуецца яго дачыненне да здарэння. У яго канфіскавалі аўто.
У Ноч расстраляных паэтаў у гэтай царкве выстаўлялі партрэты дзеячоў беларускай культуры, закатаваных таталітарнымі рэжымамі.
Фота: фэйсбук Івана Майсейчыка
Парафіяне царквы таксама шмат дапамагалі Украіне.