БЕЛ Ł РУС

Каверын сказаў, што калі б яго прапанова эратычнай фотасесіі для Ціханоўскай не выклікала такую рэакцыю, ён бы, магчыма, не выбачаўся

1.11.2026 / 23:07

Nashaniva.com

«Давай будзем шчырыя, у той жа вечар пасля эфіру мы цудоўна сядзелі са Святланай Георгіеўнай і з усёй нашай дружнай кампаніяй адзначалі суботу, пілі віно і нікому не было да гэтага справы». Але вядучы прызнае, што пытанне было сэксісцкім.

Скрыншот відэа: «Белсат»

У перадачы на «Белсаце» вядучаму Канстанціну Каверыну прыгадалі выпадак, калі ён на эфіры спытаў у Святланы Ціханоўскай, чаму немагчыма, каб яна знялася ў аголенай фотасесіі для прыцягнення ўвагі да палітвязняў.

Каверын пагадзіўся, што яго пытанне было сэксісцкім. Вядучы пазней выбачыўся.

«А калі б не пачалася гэтая хваля кэнсэлінгу, ты бы папрасіў прабачэння?» — спытаў у яго Дзяніс Дудзінскі.

«Думаю, што не», — пачаў адказваць Каверын, але не скончыў думку, бо Марына Ментусава запярэчыла, што быў нейкі кэнсэлінг.

«Я лічу, што тое, што адбылося ў эфіры, гэта мая памылка. У мяне няма перакананай мізагініі. Я не лічу, што жанчына вось гэта вось усё, у мяне няма гэтага ў галаве. Гэта была памылка, і мне на яе паказалі», — сказаў Каверын.

Каверын адзначыў, што ён можа пагадзіцца з аргументамі, калі гэта канструктыўнае тлумачэнне, а не проста абразы, навешванне ярлыка «мізагін» і адмена чалавека.

«Я гатовы прызнаць сваю памылку, але я не гатовы размаўляць з вамі пра прыдуманыя вамі за мяне факты маёй біяграфіі. Калі вешаюць ярлык — далей я не гатовы».

Ён зноў згадаў, што выбачыцца вырашыў пасля таго, як пабачыў рэакцыю на свае словы. 

«Давай будзем чэсныя, у той жа вечар пасля эфіру мы цудоўна сядзелі са Святланай Георгіеўнай і з усёй нашай дружнай кампаніяй адзначалі суботу, пілі віно і нікому не было да гэтага справы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула