БЕЛ Ł РУС

У 45 гадоў памёр вядомы гомельскі прапагандыст Станіслаў Галкоўскі

2.11.2026 / 10:36

Nashaniva.com

У апошнія месяцы ў сацсетках ён публікаваў дэпрэсіўныя паведамленні, у якіх скардзіўся на тое, «што яго ўсё дастала».

Станіслаў Галкоўскі. Скрыншот з тэлепраграмы канала «Беларусь 4»

31 кастрычніка памёр Станіслаў Галкоўскі — былы намеснік галоўнага рэдактара «Гомельскіх ведамасцяў» і вядоўца дзяржаўнага тэлебачання. Пра яго смерць паведамілі родныя і блізкія на ягонай старонцы ў фэйсбуку. Прычына смерці ў паведамленні не называецца, піша «Штодзень».

У апошнія месяцы прапагандыст публікаваў у сацсетках дэпрэсіўныя паведамленні, у якіх скардзіўся на тое, што «яго ўсё дастала». 

Галкоўскі шмат гадоў працаваў у дзяржаўных медыя, пісаў для «Советской Белоруссии», а з канца 2021 года займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара «Гомельскіх ведамасцяў». На тэлеканале «Беларусь 4. Гомель» вёў праграму «Мнения».

Пасля 2020 года ён актыўна падтрымліваў афіцыйны парадак дня: крытыкаваў палітычных эмігрантаў, настальгаваў па СССР і змяншаў значэнне сталінскіх рэпрэсій. У адным з матэрыялаў называў рэпрэсіі трыццатых гадоў у Гомелі «кропляй у моры» ў параўнанні з нацысцкімі злачынствамі.

Аднак напрыканцы 2022 года ягоная кар’ера ў гомельскіх дзяржаўных медыя перарвалася. Паводле тагачасных паведамленняў, Галкоўскі трапіў пад звальненні на абласным тэлебачанні. З «Гомельскіх ведамасцяў», як раней высветліў «Штодзень», сышоў па ўласным жаданні. Пасаду намесніка галоўнага рэдактара заняў былы кіраўнік аддзела грамадскіх сувязяў абласной міліцыі, падпалкоўнік Віталь Прыстромаў.

У верасні 2026 года «Штодзень» пісаў, што Галкоўскі стаў аўтарам «Белорусской лесной газеты» — галіновага выдання сістэмы Мінлясгаса. Замест палітычных калонак ён публікаваў матэрыялы пра лес і жывёл, у тым ліку пра сяброўства дзікага аленя з хатнім канём пад Жлобінам.

Актывіст Андрэй Стрыжак згадвае, што пазнаёміўся з Галкоўскім у 2004 годзе — тады яны разам з ім удзельнічалі ў дэмакратычнай грамадзянскай ініцыятыве «Партнёрства», што займалася назіраннем за выбарамі. У 2006 годзе супраць «Партнёрства» была заведзеная крымінальная справа, арыштаваныя Мікола Астрэйка, Аляксандр Шалайка, Цімох Дранчук і Эніра Браніцкая.

«Пасля гэтых падзей як мінімум двое гомельскіх удзельнікаў «Партнёрства» перамятнуліся на бок лукашыстаў. Станіслаў Галкоўскі і Аляксандр Дабрыян. Першы сёння сышоў з жыцця, а другі кіруе цяпер дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй «Гомель», — напісаў Стрыжак. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула