БЕЛ Ł РУС

На крэйдавых кар'ерах пад Ваўкавыскам пабудуюць канатную дарогу і адкрыюць пракат лодак

2.11.2026 / 17:19

Nashaniva.com

У лістападзе прадпрымальнікам пачнуць прапаноўваць зямельныя ўчасткі на тэрыторыі крэйдавых кар’ераў каля Ваўкавыска, вядомых як «беларускія Мальдывы». Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ паведаміў старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук.

Крэйдавыя кар’еры ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» карыстаюцца папулярнасцю ў беларусаў як месца для фотасесій. Іх называюць «беларускімі Мальдывамі» праз блакітную ваду і беласнежныя берагі. Доўгі час наведванне гэтай тэрыторыі было забаронена праз небяспеку абвалаў і стромкія абрывы, аднак гэта не перашкаджала тысячам людзей прыязджаць сюды штогод. У 2023 годзе прадпрыемства распрацавала турыстычны маршрут, які дазваляе бяспечна наведваць кар’еры.

Летась зімой будучыню кар’ераў абмяркоўвалі на другім пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу, а ў маі тэрыторыю прызналі геалагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Гэта дазволіла пачаць тут гаспадарчую дзейнасць.

Ад ідэі поўнай рэкультывацыі кар’ераў адмовіліся, бо яна каштавала б дзясяткі мільёнаў рублёў. Паводле слоў старшыні райвыканкама, найбольш маляўнічыя мясціны вырашылі захаваць для турыстаў.

Тэрыторыю плошчай 350 гектараў падзялілі на сектары і вызначылі ўчасткі для будаўніцтва гатэля, кавярні, палатачнага лагера, глэмпінгаў і лазняў. Асобныя зоны прадугледжаныя для рыбалкі, экстрэмальных відаў спорту, канатнай дарогі, пракату лодак і сапбордаў. Таксама плануецца пракласці маршруты для ровараў, квадрацыклаў і матацыклаў. Усе небяспечныя ўчасткі збіраюцца абгарадзіць.

Мясцовыя ўлады абяцаюць у лістападзе вырашыць неабходныя фармальнасці і пачаць прапаноўваць зямельныя ўчасткі прадпрымальнікам. Райвыканкам таксама разлічвае на дапамогу жыхароў Ваўкавыскага раёна ва ўпарадкаванні тэрыторыі і будаўніцтве турыстычных аб’ектаў.

Чытайце таксама:

Ад касцёлаў да «беларускіх Мальдываў»: падарожжа па Беларусі скрозь час і колеры

«Беларускія Мальдывы» стануць помнікам прыроды. Чым унікальныя затопленыя Ваўкавыскія кар’еры

«Беларускім Мальдывам» пад Ваўкавыскам могуць даць ахоўны статус

Каментары да артыкула