Над Кіевам стварылі купал РЭБ супраць рэактыўных «Шахедаў»
Антэны і абсталяванне размясцілі ў сотнях месцаў па ўсім горадзе, каб перашкаджаць дыстанцыйнаму кіраванню расійскімі дронамі. Пра аперацыю расказаў дарадца прэзідэнта Украіны ў пытаннях абаронных тэхналогій Сяргей «Флэш» Бяскрэстнаў.
У допісе ў фэйсбуку Бяскрэстнаў патлумачыў, што адна з тэхналогій, якія дазваляюць расійскім аператарам шукаць цэлі і кіраваць «Шахедамі» на адлегласці, — MESH-радыёсувязь. Паводле яго, аператар можа кіраваць беспілотнікам з тэрыторыі Расіі праз радыёмадэм на борце.
Каб перашкаджаць гэтай сувязі, над Кіевам стварылі ахоўны купал са сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
«Задачы былі маштабныя і амбітныя — за некалькі тыдняў зрабіць вялікі аб’ём работ па ўсім горадзе», — напісаў Бяскрэстнаў.
Паводле яго, да працы далучылі ўсіх асноўных вытворцаў сродкаў РЭБ. Яны кругласутачна выраблялі і ўсталёўвалі абсталяванне.
У аперацыі ўдзельнічалі Генштаб, Міністэрства абароны, МУС, Рада нацыянальнай бяспекі і абароны, Офіс прэзідэнта і падраздзяленні Узброеных сіл Украіны.
Складанасці былі не толькі тэхнічныя: трэба было арганізаваць размяшчэнне антэн і абсталявання ў многіх сотнях месцаў па ўсім Кіеве.
«Гэтая аперацыя прымусіла праціўніка зрабіць паўзу, мадэрнізаваць «Шахеды», шукаць іншыя рашэнні», — дадаў «Флэш».