Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч
Праваабаронца і былы палітвязень Уладзімір Лабковіч пасля інтэрв’ю Соф’і Сапега апублікаваў успамін пра сукамерніка з Валадаркі. Таму далі 15 гадоў выключна на падставе паказанняў Рамана Пратасевіча. Імя сукамерніка Лабковіч не называе.
Раман Пратасевіч. Скрын відэа
Паводле праваабаронцы, мужчына праходзіў па справе раённых чатаў. Спачатку яму прад’явілі абвінавачванне ў кіраванні «экстрэмісцкім фармаваннем», за што, як піша Лабковіч, пагражала да шасці гадоў зняволення.
Перад заканчэннем расследавання мужчыну выклікалі на апошні допыт. Вярнуўся ён ужо з новым абвінавачваннем — у тым ліку ў тэрарызме і здрадзе дзяржаве. Цяпер гаворка ішла пра тэрмін не менш як 15 гадоў.
«Ён маўчаў увесь дзень, а з раніцы прачнуўся ўвесь сівы. Я такога ніколі не бачыў. Але гэта шакавала ўсю хату. Яму было толькі 35 гадоў, і ўвесь пасівеў.
Па выніку яму далі 15 гадоў.
Я чытаў ягоны прысуд, бо пісаў апеляцыйную скаргу.
Усё абвінавачанне трымалася выключна на паказаннях аднаго сведкі, якім быў нейкі Раман Пратасевіч. І больш на хлопца не было нічога.
Пратасевіча нават не прывезлі на суд. Толькі пісьмовыя сведчанні.
Перад этапам гэты хлопец мне сказаў, што ягонай маці сказалі, што далі толькі 4 гады, бо праўды пра 15 гадоў яна б не вытрымала. Я не ведаю, што ёй кажуць зараз, бо прайшло ўжо шэсць гадоў з улікам СІЗА», — напісаў Лабковіч.