БЕЛ Ł РУС

Беларускую дэлегацыю абакралі на юнацкай Алімпіядзе, што ўпершыню праходзіць у Афрыцы

4.11.2026 / 11:46

Nashaniva.com

Падазраванага знайшлі ў міністэрстве.

Беларуская дэлегацыя, якая прыехала на юнацкія Алімпійскія гульні ў Сенегал, засталася без фотаапарата Nikon Z9 з аб’ектывам, піша сенегальскае выданне SeneNews.

Здарэнне адбылося ў гатэлі Pullman у Дакары, дзе спыніліся прадстаўнікі беларускай дэлегацыі. 2 лістапада яны звярнуліся ў паліцыю і паведамілі пра крадзеж.

Паводле выдання, камеры назірання зафіксавалі, як на паркоўку гатэля прыехаў мужчына на Toyota Land Cruiser. Ён скарыстаўся няўважлівасцю ахоўнікаў, узламаў памяшканне для захоўвання рэчаў і забраў фотаапарат.

Пошукі прывялі паліцэйскіх у Міністэрства аховы здароўя і грамадскай гігіены Сенегала. Там затрымалі кіроўцу, якога падазраюць у крадзяжы.

Падчас допыту ён назваў чалавека, якому, паводле следства, перадаў скрадзенае. Другога падазраванага знайшлі на мясцовым рынку. Як удакладняе Seneweb, фотаапарат выявілі ў ягонай краме. 

IV летнія юнацкія Алімпійскія гульні праходзяць у Сенегале з 31 кастрычніка да 13 лістапада — упершыню алімпійскія спаборніцтвы прымае Афрыка. Беларусь прадстаўляюць сямёра спартсменаў у шасці відах спорту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула