БЕЛ Ł РУС

«Ён можа актывізаваць свае кантакты з Пуціным». Эксперты ацанілі наступствы паразы Трампа для Украіны і Еўропы

4.11.2026 / 15:48

Nashaniva.com

Параза рэспубліканцаў на прамежкавых выбарах у Кангрэс ЗША можа паўплываць на амерыканскую палітыку ў дачыненні да Ізраіля і Ірана, аднак не абавязкова прывядзе да змены курсу Вашынгтона адносна Украіны.

Дональд Трамп. Фота: Andrew Harnik / Getty Images

Як адзначаюць эксперты, апытаныя Bild, нягледзячы на тое, што дэмакраты атрымалі большасць у абедзвюх палатах Кангрэса, прэзідэнт Дональд Трамп захоўвае значныя паўнамоцтвы ў знешняй палітыцы.

На думку эксперта па Блізкім Усходзе Сімона Фукса, дэмакраты могуць узмацніць кантроль за дзеяннямі адміністрацыі ў вайне супраць Ірана і ўзняць пытанне пра амерыканскія санкцыі ў сувязі з палітыкай Ізраіля ў сектары Газа і на Заходнім беразе ракі Іардан.

У Тэгеране вынікі выбараў сустрэлі станоўча. Старшыня іранскага парламента Махамад-Багер Калібаф заявіў, што «амерыканцы сказалі вайне «не»».

Між тым эксперты па Украіне не чакаюць істотных зменаў у амерыканскай палітыцы. Спецыяліст па бяспецы Ніка Ланге нават дапускае, што Трамп «можа актывізаваць кантакты з Уладзімірам Пуціным».

Параза рэспубліканцаў таксама не абавязкова абмяжуе знешнепалітычныя магчымасці Трампа. Паводле слоў палітолага Карла Масалы, Трамп не стаў слабейшым у знешняй палітыцы, таму «не варта разлічваць на яго большую гатоўнасць да кампрамісаў».

Эксперт па ЗША Томас Егер лічыць, што амерыканскі прэзідэнт, наадварот, цяпер можа «яшчэ больш агрэсіўна прасоўваць свае інтарэсы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула