Блогерка назвала тры прычыны, чаму расіяне цяпер масава робяць ВНЖ у Беларусі
Атрымаўшы беларускі дакумент, многія расіяне працягваюць жыць у Расіі.
Фота: annavakx / Instagram
Навошта беларускі ДНЖ расіянам?
Блогерка Ганна Мяжонак дзеліцца ў роліку, чаму многія расіяне сталі атрымліваць дазволы на жыхарства ў Беларусі.
Першае — гэта эканомія пры куплі аўто. «Тры-чатыры мільёны [расійскіх рублёў] ($ 36‑49 тысяч — НН) на куплі аўто, ведаеце, на дарозе не валяюцца», — кажа яна і тлумачыць, што розніца ўзнікае праз тое, што ў Беларусі няма такіх утылізацыйных збораў.
«Калі ў цябе ёсць беларускі ДНЖ, то ты можаш спакойна ездзіць на аўто з беларускімі нумарамі па Расіі. Наогул, без якіх-небудзь праблем», — кажа яна.
Пра тое, што расіяне робяць беларускія дакументы для куплі аўто, «Наша Ніва» падрабязна пісала раней.
Вучоба ў ВНУ
Другая прычына, чаму расіяне масава робяць беларускія дакументы, на думку блогеркі, — гэта дзеці.
«Нам усім трэба вучыць нашых дзетак, а ў Расіі ўсё складаней і складаней паступіць у ВНУ. У нас то адно, то іншае, таму расійскія хлопцы лёгка вучацца ў беларускіх ВНУ, бо няма моўнага бар'ера», — тлумачыць яна.
Instagram і Visa
Трэцяя прычына аказалася куды менш відавочная. Па словах блогеркі, дзякуючы беларускаму ДНЖ можна выводзіць сацсеткі з-пад расійскай юрысдыкцыі.
«Вось усе і ламануліся сюды», — рэзюмуе блогерка.
У іншых публікацыях яна таксама адзначала, што з беларускімі дакументамі можна зрабіць сабе картку Visa ў беларускім банку.