БЕЛ Ł РУС

Купалаўскія дубы прызналі помнікам прыроды

4.11.2026 / 19:20

Nashaniva.com

У Маладзечанскім раёне з'явіліся два новыя прыродныя помнікі. Гэта вынікае з пастановы мясцовага райвыканкама, заўважыла выданне Times.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Times.by

Першы батанічны помнік знаходзіцца ў ваколіцах вёскі Повязынь і называецца «Карэльская бяроза». Гэта ўнікальнае дрэва, якое цэніцца за касаслойныя валокны і прыгожы малюнак.

Другім прыродным помнікам на тэрыторыі раёна стануць шматвяковыя «Купалаўскія (вязынскія) дубы». Дрэвы знаходзяцца ў маляўнічым полі недалёка ад Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка «Вязынка», што прыкладна за 35—40 км ад Мінска.

Гэта велізарныя, магутныя разгалістыя дубы з каласальным ахопам ствалоў. Яны раслі тут задоўга да нараджэння паэта Янкі Купалы (Івана Луцэвіча), аднак у народзе за імі трывала замацавалася назва «Купалаўскія» з-за непасрэднай блізкасці да фальварка, дзе прайшлі першыя гады жыцця літаратара.

Кіраваннем новымі прыроднымі помнікамі ў Мінскай вобласці будзе займацца Радашковіцкі сельвыканкам.

Акрамя таго, дакументам вызначаюцца межы помнікаў прыроды, таксама на іх будуць распаўсюджвацца ўмовы, прапісаныя ў законе «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях».

Чытайце таксама:

Човен не збіваюць, яго знаходзяць унутры дуба. Майстар на Палессі робіць унікальныя лодкі

Аб'явілі галасаванне за «Расліну 2027 года»

Каву з жалудоў па старадаўнім рэцэпце вараць у Астраўцы

У Сенненскім раёне чатыры дубы прызналі помнікамі прыроды

Каментары да артыкула