Чэхія аднавіла выдачу шэнгенскіх віз беларусам
Хто можа падацца на візу?
Пасольства Чэхіі ў Беларусі паведаміла, што з 10 лістапада пачынае прымаць дакументы ад грамадзян Беларусі на шэнгенскую візу для наведвання сваякоў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Чэхіі або грамадзянамі Беларусі, якія маюць дазвол на сталае пражыванне ў краіне ці доўгатэрміновую візу, піша Радыё Свабода.
Заявы змогуць падаваць беларусы для наведвання толькі сваіх дзяцей, унукаў, бацькоў, бабуль і дзядуляў. Сёстры, браты, цёткі, дзядзькі, стрыечныя сёстры і браты ў гэты пералік не ўваходзяць.
Беларусы могуць з 10 лістапада накіроўваць свае заявы на электронны адрас Minsk.Visa@mzv.gov.cz. У лісце павінны быць звесткі пра асобу, якая падае заяву на візу, і асобу, якая запрашае, мэту візіту, кантактныя дадзеныя, нумар пашпарта, а таксама копіі дакументаў: пашпарта, запрашэння, пасведчання аб нараджэнні або шлюбе, разводзе, змене прозвішча.
Для сваякоў — грамадзян Чэхіі неабходная копія старонкі пашпарта, на якой асоба, што запрашае, павінна пазначыць дату і напісаць асобны тэкст аб згодзе на выкарыстанне гэтай копіі.
У выпадку наведвання грамадзян Беларусі заяўнік павінен падаць копію доўгатэрміновай візы або дазволу на пражыванне, а таксама фота старонкі пашпарта з фотаздымкам.