У Сербіі затрымалі дзевяць паліцэйскіх за гвалт над пратэстоўцамі
Сярод затрыманых — камандзір спецыяльнага антытэрарыстычнага падраздзялення Ігар Змірыч. Затрыманні адбыліся неўзабаве пасля перамогі студэнцкага руху на парламенцкіх выбарах, піша Euronews.
Спецназаўцы затрымліваюць удзельніка пратэсту падчас сутычак у Бялградзе. Сербія, 23 мая 2026 года. Фота: AP / Darko Vojinovic
4 лістапада ў Бялградзе затрымалі васьмярых дзейных супрацоўнікаў паліцыі і аднаго былога. Іх падазраюць у жорсткім абыходжанні і катаваннях удзельнікаў антыўрадавых пратэстаў у жніўні 2025 года.
Паводле МУС Сербіі, падазраваныя падчас службы ўжывалі сілу, каб прычыніць некалькім пацярпелым моцны боль і пакуты. Мэтай было «атрымаць інфармацыю, запалохаць іх і незаконна пакараць».
Паводле следства, гэта адбывалася ў гаражы ўнутры ўрадавага будынка ў Бялградзе.
МУС апублікавала толькі ініцыялы і гады нараджэння падазраваных. RTS паведаміў, што сярод іх — камандзір спецыяльнага антытэрарыстычнага падраздзялення Ігар Змірыч. Раней затрыманая студэнцкая актывістка абвінавачвала яго ў тым, што ён ударыў яе нагой, калі яна ляжала на падлозе.
У канцы кастрычніка рух «Студэнцкі спіс» перамог на парламенцкіх выбарах, абышоўшы палітычную сілу шматгадовага кіраўніка Сербіі Аляксандра Вучыча.
Рух вырас з пратэстаў, якія пачаліся пасля катастрофы на нядаўна адрамантаваным чыгуначным вакзале ў лістападзе 2024 года. Гібель людзей выклікала масавыя дэманстрацыі супраць карупцыі і патрабаванні адказнасці ўладаў. Пратэстоўцы неаднаразова паведамлялі пра паліцэйскую жорсткасць.