БЕЛ Ł РУС

«Пасля трохмесячнай і гадавой уляпілі аднаразовую на два тыдні». Беларусы дзеляцца, як Польшча цяпер выдае візы

6.11.2026 / 16:04

Nashaniva.com

Нават па запрашэнні часам выдаюць толькі аднаразовыя візы.

Аднаразовыя пасля мультывіз

Берасцейка падзялілася ў Threads, як ёй па запрашэнні выдалі толькі аднаразовую польскую візу.

Яна мела запрашэнне тэрмінам да 30 мая 2027 года. Зарэгістравалася на сайце VFS 8 чэрвеня, 29 кастрычніка змагла падацца і ўжо 4 лістапада атрымала візу — аднаразовую.

Іншая жанчына ў адказ напісала, што ўжо двойчы атрымлівала аднаразовую польскую візу. Першы раз — шэнгенскую, другі — нацыянальную.

«Ведаю двух чалавек, у іх па дзве аднакраткі, у аднаго — тры», — дадала яна.

«Учора атрымалі два пашпарты з польскімі турыстычнымі візамі. У адным — аднаразовая з тэрмінам знаходжання 12 дзён, а ў другім — аднаразовая з тэрмінам знаходжання шэсць дзён», — падзялілася ў каментарах жанчына. У выпадку з 12‑дзённай візай папярэдняя ў гэтым жа пашпарце была польская турыстычная мультывіза на два месяцы.

Яшчэ адна адпісалася, што пасля двух шматразовых віз (на тры месяцы і на год) цяпер Польшча выдала ёй аднаразовую візу на два тыдні знаходжання.

Ілюстрацыйны здымак

Іншая жанчына дзеліцца, што ейнаму мужу летась, пры шматгадовай візавай гісторыі, далі візу на шэсць дзён, а сёлета — зноў на год.

Каментатарка, якая запісалася на гасцявы шэнген 12 чэрвеня і падавалася ў Пінску 30 верасня, атрымала аднаразовую візу з калідорам чатыры тыдні. Жанчына піша, што атрымлівае такую візу ўжо другі раз запар. Запрашэнне дасылае свёкар.

Ад трох да пяці гадоў, калі запрашэнне ад блізкіх сваякоў

Але бываюць і больш працяглыя візы. Чалавек, які таксама падаваўся на польскую візу пасля віз на тры месяцы і на год, сёлета зноў атрымаў гадавую па запрашэнні ад роднай сястры. 

Іншы каментатар напісаў, што па запрашэнні ад сына бацькам далі польскую нацыянальную візу на пяць гадоў. Нацыянальныя візы на тры або нават пяць гадоў таксама могуць выдаць, калі запрашэнне дасылае адзін з сужэнцаў з польскім грамадзянствам або ПМЖ (сталы побыт).

Многае залежыць ад вобласці

У каментарах абмяркоўваюць, што падобная сітуацыя, калі людзям даюць аднаразовыя візы пасля шматразовых — гэта асаблівасць Брэсцкай вобласці. 

Маўляў, у Брэсцкай вобласці калі запрашэнне ідзе не ад блізкіх сваякоў, то падавацца можна толькі на шэнгескую візу С (а падаваць на візу можна толькі па прапісцы). У іншых абласцях можна як на С, так і на нацыянальную D.

Сярод іншага, людзі скардзяцца на вельмі доўгае чаканне запрашэння на падачу ў візавы цэнтр. 

Так, жанчына, якая зарэгістравалася 14 чэрвеня 2026 года, дагэтуль не атрымала дату, калі можна будзе падаваць дакументы, а запрашэнне дзейнічае да 30 ліпеня 2027 года. Таму нават максімальны тэрмін візы можа скарачацца і праз час чакання ў чарзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула