БЕЛ Ł РУС

Ці шкодзяць цесныя трусы? Найбуйнейшае даследаванне

7.11.2026 / 23:40

Антось Жупран

Кітайскія навукоўцы правялі на 27 тысячах добраахвотніках самае маштабнае на сённяшні дзень даследаванне, каб высвятліць, ці сапраўды мужчынам лепш насіць свабодныя трусы. Пра вынікі піша ScienceAlert.

Фота: Vecteezy

За апошнія дзесяцігоддзі навукоўцы фіксуюць зніжэнне колькасці сперматазоідаў у мужчын па ўсім свеце. Прычыны гэтай тэндэнцыі да канца не высветленыя. Сярод магчымых фактараў даследчыкі называюць уздзеянне забруджвальных рэчываў, але вывучаюць і тое, як на рэпрадуктыўнае здароўе ўплываюць паўсядзённыя звычкі.

Адна з іх — выбар ніжняй бялізны. Пра магчымую шкоду цесных трусоў гавораць даўно, аднак буйных даследаванняў на гэтую тэму было няшмат. У 2018 годзе навукоўцы Гарвардскага ўніверсітэта вывучылі даныя 656 мужчын і выявілі, што ў тых, хто часцей насіў свабодныя трусы-баксёры, канцэнтрацыя і агульная колькасць сперматазоідаў былі вышэйшыя.

Аднак ці азначаюць гэтыя адрозненні, што мужчынам у свабодных трусах лягчэй зачаць дзіця, застаецца незразумелым. У даследаванні 2022 года, якое ахапіла 3041 пару з ЗША і Канады, навукоўцы не знайшлі пераканаўчай сувязі паміж імавернасцю зачацця і фактарамі, здольнымі павышаць тэмпературу машонкі. Сярод іх былі нашэнне цеснай бялізны, наведванне саўны, выкарыстанне ноўтбука на каленях і падагрэў аўтамабільных сядзенняў.

Што паказала даследаванне 27 тысяч мужчын

Кітайскія навукоўцы правялі значна маштабнейшае даследаванне, вынікі якога апублікавалі ў часопісе Asian Journal of Andrology.

Яны прааналізавалі даныя 26 836 мужчын, якія звярнуліся ў клініку для ацэнкі фертыльнасці — здольнасці да зачацця. Медыянны ўзрост удзельнікаў складаў 30 гадоў. Кожнага папрасілі паведаміць, якую ніжнюю бялізну ён найчасцей насіў на працягу апошніх трох месяцаў, а затым параўналі вынікі аналізаў спермы з улікам іншых фактараў здароўя.

Высветлілася, што 21 221 мужчына аддаваў перавагу свабодным трусам, а 5 615 — цесным мадэлям, у тым ліку плаўкам і баксёркам у абліпку.

Фота: матэрыялы навуковага артыкула

У другой групе часцей сустракаліся неспрыяльныя паказчыкі спермы. Шанцы мець паніжаны аб'ём спермы ў яе ўдзельнікаў былі на 18% вышэйшыя, а недастатковую колькасць рухомых сперматазоідаў — на 12%. Шанцы выявіць занадта малую долю сперматазоідаў нармальнай формы былі вышэйшыя на 48%, а павышаны ўзровень пашкоджанняў іх ДНК — на 108%.

Апошняя лічба выглядае асабліва ўражвальна, аднак у абсалютных значэннях розніца была не такой вялікай. Павышаны ўзровень пашкоджанняў ДНК знайшлі ў 10,7% мужчын, якія насілі цесныя трусы, супраць 5,8% у групе свабоднай бялізны. Гэта значыць, што ў пераважнай большасці ўдзельнікаў абедзвюх груп гэты паказчык не быў празмерна высокім.

Даследчыкі таксама правялі дадатковы аналіз сэксуальнага здароўя. Сярод мужчын, якія насілі цесныя трусы, часцей сустракаліся эрэктыльная дысфункцыя і заўчасная эякуляцыя. Аднак навукоўцы падкрэсліваюць, што гэтыя вынікі папярэднія і патрабуюць далейшай праверкі.

Чым могуць шкодзіць цесныя трусы?

Адно з магчымых тлумачэнняў звязанае з тэмпературай. Для нармальнага ўтварэння і паспявання сперматазоідаў яечкам патрэбныя ўмовы прыкладна на 2—3 °C халаднейшыя, чым унутры цела. Менавіта таму яны размешчаныя ў машонцы, па-за брушной поласцю.

Цесная бялізна горш прапускае паветра і можа павышаць тэмпературу машонкі да 1°C у параўнанні са свабоднымі трусамі. Навукоўцы дапускаюць, што нават такое павышэнне можа ўплываць на апошнія этапы выспявання сперматазоідаў, у тым ліку на іх форму і рухомасць. Даследчыкі таксама выказваюць гіпотэзу, што працяглае пераграванне можа зніжаць выпрацоўку тэстастэрону і ўплываць на сэксуальную функцыю, але гэта яшчэ патрабуе пацвярджэння.

Разам з тым выяўленая сувязь не даказвае, што менавіта цесныя трусы сталі прычынай горшых паказчыкаў спермы. Навукоўцы параўноўвалі мужчын з рознымі звычкамі, а не правяралі, як змена бялізны ўплывае на іх здароўе. Да таго ж усе ўдзельнікі звярталіся па ацэнку фертыльнасці, таму вынікі нельга аўтаматычна пераносіць на ўсіх мужчын.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула