БЕЛ Ł РУС

У Смаргоні з «Нулявога кіламетра» прыбіраюць Вільню, Варшаву і сцягі суседзяў

8.11.2026 / 08:00

Эдвард Руткевіч

Камунальнікі пачалі разбіраць дэкаратыўны знак на кальцавой развязцы, які яшчэ сем гадоў таму ўсталявалі як сімвал міжнародных сувязяў. 

Рабочыя дэмантуюць шыльды з назвамі замежных сталіц і каляровыя панэлі са стэл у Смаргоні. Фота: «Светлы шлях»

Пра пачатак «абнаўлення» дэкаратыўнага ўказальніка на кальцавой развязцы па вуліцы Савецкай паведаміла мясцовая раённая газета «Светлы шлях». На апублікаваных здымках бачна, як рабочыя зрэзалі ніжнія шыльды з назвамі гарадоў і здзіраюць каляровую абшыўку з металічных каркасаў.

Канструкцыю ўсталявалі ўсяго сем гадоў таму — у 2019-м, калі Смаргонь рыхтавалася прымаць абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі». У тыя часы яшчэ публічна казалі пра шматвектарнасць, не ваявалі і не канфліктавалі з суседзямі ды чакалі еўрапейскіх турыстаў. 

Так выглядаў знак «Нулявы кіламетр» у Смаргоні да цяперашняй пераробкі: стэлы ў колерах нацыянальных сцягоў паказвалі адлегласць па-беларуску да Вільні, Мінска, Варшавы, Таліна і Масквы. Фота: fotobel.by

Арт-аб'ект уяўляў сабой кампазіцыю са стэл, расфарбаваных у колеры сцягоў суседніх краін і мясцовай сімволікі. Паказальнікі былі аформленыя па-беларуску і паказвалі адлегласць да сталіц дзяржаў: да Вільні адсюль усяго 77 кіламетраў, да Мінска — 100 кіламетраў, да Варшавы — 440 кіламетраў, да Таліна — 554 кіламетры, а да Масквы — 680 кіламетраў. Указальніка на Кіеў ужо не было, але была стэла, аформленая ў колерах сцяга раёна, якая паказвала на Крэва.

Як патлумачыў намеснік дырэктара па вытворчасці Смаргонскай ЖКГ Павел Буткевіч, самі металічныя апоры вырашылі не зносіць, але іхняе ідэалагічнае напаўненне зменіцца цалкам.

Рабочыя дэмантуюць шыльды з назвамі замежных сталіц і каляровыя панэлі са стэл у Смаргоні. Фота: «Светлы шлях»

«Канструктыўна ўказальнік не зменіцца, аднак яго аформяць у колеры дзяржаўнай сімволікі, а ранейшыя надпісы заменяць на адлегласці да абласных цэнтраў Беларусі. Акрамя таго, да навагодніх і калядных святаў канструкцыю дадаткова падсвецяць», — паведаміў камунальнік.

Праўда, заадно з «недружалюбнымі» Вільняй, Варшавай і Талінам пад нож пайшла і «братняя» Масква — не пакідаць жа яе адну сярод беларускіх абласных цэнтраў!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула