БЕЛ Ł РУС

Кушнер раскрыў, пра што ЗША хочуць дамовіцца з Украінай і Расіяй у Абу-Дабі

6.11.2026 / 08:22

Nashaniva.com

Спецпасланнік Трампа паведаміў, што ЗША «працавалі з абодвума бакамі над распрацоўкай грунтоўных прапаноў».

Фота: Ryan Murphy/Getty Images

На наступным тыдні ў Абу-Дабі Злучаныя Штаты арганізуюць перамовы з удзелам Украіны і Расійскай Федэрацыі. Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэд Кушнер у сацыяльнай сетцы X паведаміў, чаго Вашынгтон чакае ад гэтых перамоў.

Ён падкрэсліў, што гэта будуць першыя з лютага трохбаковыя мірныя перамовы з удзелам Украіны і Расіі. Паводле яго слоў, ЗША «працавалі з абодвума бакамі над распрацоўкай грунтоўных прапаноў, якія дазволяць зрабіць гэтыя перамовы як мага больш змястоўнымі і прадуктыўнымі», піша УНІАН.

«Прэзідэнт Трамп вызначыў дасягненне міру адным са сваіх прыярытэтаў. Наша ўвага засяроджаная на складанай і дэталёвай працы, неабходнай для ператварэння гэтай мэты ў усёабдымнае і доўгатэрміновае пагадненне», — гаворыцца ў допісе.

Паводле слоў Кушнера, у Бруселі ЗША правялі перамовы з Украінай, НАТА і еўрапейскімі партнёрамі «па двух важных і ўзаемазвязаных складніках трывалага міру: гарантыях бяспекі для Украіны і больш шырокай архітэктуры еўрапейскай бяспекі».

Ён запэўніў, што ЗША інтэнсіўна працуюць з усімі бакамі «над пошукам практычных рашэнняў, якія дапамогуць пакласці канец гэтай вайне і закласці асновы для трывалага міру».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула