Брытанскі акцёр Расэл Брэнд прызнаны вінаватым па чатырох эпізодах сэксуальнага гвалту
Яны адбыліся з 1999 па 2009 год, калі акцёр актыўна будаваў кар'еру ў брытанскім шоу-бізнэсе. Акцёру пагражае доўгае зняволенне.
Фота: Zeynep Demir/Anadolu via Getty Images
Прысяжныя Каралеўскага суда лонданскага раёна Саутуарк прызналі 51‑гадовага акцёра і коміка Расэла Брэнда вінаватым па чатырох пунктах абвінавачання: адным эпізодзе згвалтавання і трох эпізодах сэксуальных дамаганняў, пiша Бі-бі-сі.
Агулам Брэнду былі выстаўленыя абвінавачанні па сямі эпізодах злачынстваў у дачыненні да шасці жанчын, мяркуецца, што яны адбыліся ў перыяд з 1999 па 2009 год, калі акцёр актыўна будаваў кар'еру ў брытанскім шоу-бізнэсе.
Увагу паліцыі да Брэнда прыцягнула расследаванне 2023 года, якое сумесна правялі газеты Times i Sunday Times і тэлеканал Channel 4.
«Вы прызнаны вінаватым у здзяйсненні шэрагу злачынстваў, уключаючы згвалтаванне. Гэта непазбежна пацягне сабой пакаранне ў выглядзе доўгага турэмнага зняволення, — сказаў суддзя Бенатан, зачытваючы сваё рашэнне. — На дадзены момант я лічу, што ў сувязі з гэтым павінен распарадзіцца аб вашай заключэнні пад варту».
Акцёр адмаўляе ўсе абвінавачанні і настойвае на сваёй невінаватасці. Чакаецца, што прысуд будзе вынесены ў панядзелак.
Акцёрская кар'ера Расэла Брэнда ўключае ў сябе рамантычную камедыю «У пралёце», агучку мультфільмаў «Брыдкі я» і «Брыдкі я 2», а таксама камедыю «Уцёкі з Вегаса». З 2010 па 2012 год Брэнд быў у шлюбе з спявачкай Кэці Пэры.
У апошнія гады Расэл Брэнд вядзе канал у YouTube і дзеліцца на ім тэорыямі змоў.
Судовы працэс над Расэлам Брэндам пачаўся 12 кастрычніка. Прысяжныя заслухалі паказанні пацярпелых, сведкаў і самога акцёра.
Пракурор назваў Брэнда «сэксуальным драпежнікам», чые «моцныя імкненні да сэксуальных кантактаў былі неразборлівыя і ненасычныя».
28 кастрычніка, пасля паказанняў меркаваных пацярпелых і сведкаў, акцёр сам выступіў перад прысяжнымі.
Ён заявіў, што вылучаныя супраць яго абвінавачанні сталі для яго «глыбока траўмуючым» досведам і аказалі «разбуральнае» ўздзеянне на яго жыццё.
Ён падкрэсліў, што лічыць згоду на сэксуальныя адносіны «асноўным прынцыпам».
У заключнай прамове адвакат Брэнда заявіў, што абвінавачанне не прадставіла ніякіх доказаў таго, што яго кліент — «псіхапат, які гвалціць людзей і лічыць гэта нармальным».
Падчас абвяшчэння рашэння аб яго признання ў вінаватасці Брэнд сядзеў цалкам нерухома, не выяўляючы ніякіх эмоцый.
Новыя абвінавачанні
Як стала вядома, у дачыненні да Расэла Брэнда таксама вядзецца новае расследаванне па абвінавачанням у згвалтаванні, вылучаным дзвюма жанчынамі зусім нядаўна.
Журналісты даведаліся, што яго ўжо дапыталі паліцэйскія ў сувязі з гэтымі заявамі.
«Падазраваны раней быў дапытаны з афіцыйным папярэджаннем аб яго правах у сувязі з вылучанымі абвінавачаннямі», — гаворыцца ў заяве паліцыі.
Паліцыя таксама паведаміла, што матэрыялы па заявах абедзвюх жанчын былі перададзены ў Каралеўскую пракурорскую службу.
«Дэтэктывы працягваюць падтрымліваць цесны кантакт з пракурорамі па меры правядзення далейшых следчых дзеянняў», — дадалі ў паліцыі.
Праваахоўнікі таксама заклікалі ўсіх, хто хацеў бы пагаварыць са следчымі або паведаміць якую-небудзь інфармацыю, звязацца з паліцыяй.