БЕЛ Ł РУС

Трэцякласнік аддаў махлярам бацькоўскія зберажэнні

6.11.2026 / 10:49

Nashaniva.com

У сталічную міліцыю звярнуліся бацькі дзевяцігадовага хлопчыка, якога падманулі махляры.

Школьніку патэлефанавалі нібыта прадстаўнікі службы па замене дамафонаў і папрасілі назваць код з SMS. Затым ілжэсілавік паведаміў, што ягоныя даныя трапілі да махляроў і будуць выкарыстаныя для правядзення незаконных аперацый. Каб выправіць сітуацыю, неабходна было сабраць усе наяўныя грошы ў доме і перадаць іх на праверку, паведамляе мінская міліцыя.

Знаходзячыся на відэасувязі з суразмоўцам, дзіця пералічыла свае грошы — 12 тысяч даляраў, склала іх у пакет і аддала ў пад'ездзе незнаёмцу, які прыйшоў па грошы.

Аператыўнікі ўстанавілі асобу і затрымалі кур'ера. Ім аказаўся 18‑гадовы мінчук, які сам паверыў зламыснікам і выконваў іхнія ўказанні. Ён паспеў наведаць два адрасы, дзе забраў чужыя зберажэнні, а затым перадаў іх далей па ланцужку.

Бацькі неаднаразова расказвалі вучню трэцяга класа пра падобныя злачынныя схемы і правілы бяспечных паводзін. Прафілактычныя гутаркі праводзіліся і ў школе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула