Стала вядома, калі ў Мінску адкрыюць крыты цэнтр для скейтараў
Крыты цэнтр экстрэмальных відаў спорту на вуліцы Нарачанскай у Мінску плануюць адкрыць у 2027 годзе, пішуць Мінск-навіны.
Да канца снежня будаўнікі завершаць узвядзенне контуру будынка і цалкам скончаць фасадныя работы, пасля чаго пачнуць унутранае аздабленне.
Комплекс будзе двухпавярховым, яго плошча складзе 2,3 тыс. квадратных метраў.
Унутры будзе спецыяльная зала з горкамі, трамплінамі і ямамі для прызямлення. Таксама ў будынку прадугледзяць распранальні з душавымі, медыцынскі кабінет і склад інвентару.
Побач з цэнтрам абсталююць велапаркоўку, месцы для людзей з інваліднасцю і зону высадкі пасажыраў.
Пасля адкрыцця тут плануюць праводзіць спаборніцтвы, а таксама арганізаваць як платныя, так і бясплатныя групы заняткаў.