БЕЛ Ł РУС

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»

6.11.2026 / 16:46

Nashaniva.com

Гледачы сустрэлі яго заклік авацыямі.

Віталь Карпанаў

Лідар беларускага гурта «Дразды» Віталь Карпанаў падчас канцэрта ў Маладзечне заклікаў прабачыць тым, хто калісьці «паставіў лайк не там, дзе трэба», і «перагарнуць гэтую старонку». Адпаведнае відэа апублікавана ў сацсетках гурта.

«Бывае, што па суседстве карова ў буракі ўбілася. І што робіш? Трэба прабачыць. Няма ў цябе іншых суседзяў.

Ці на другім прыкладзе скажу. Такое было моднае, зараз не вельмі, так скажам: не там лайк паставіў. Таксама трэба адпусціць, перагарнуць гэтую старонку. Няма ў нас іншых беларусаў — якія ёсць, трэба і жыць, і працаваць. Таму што мы, беларусы, адзін аднаму не ворагі!» — заявіў Карпанаў.

Гледачы ягоныя словы сустрэлі воплескамі.

Гурт «Дразды» быў створаны ў 2005 годзе Віталём Карпанавым. Калектыў вядомы беларускамоўнымі песнямі, найперш хітом «Хата бацькоў». У 2020 годзе музыкі выступалі на праўладных мерапрыемствах, аднак пазней усё роўна сутыкнуліся з праблемамі пры арганізацыі канцэртаў. У 2025‑м Карпанаў нават абвяшчаў, што гурт спыніць выступы, але ў выніку «Дразды» працягнулі гастролі.

Чытайце таксама:

На канцэрт «Драздоў» у Магілёве прыйшла Надзея Каткавец

Гурт «Дразды» прэзентаваў татарскую версію песні «Хата бацькоў» ВІДЭА

Горды пост саліста «Драздоў» пра сваю сэксуальную магутнасць скончыўся фіяска

Каментары да артыкула