БЕЛ Ł РУС

З мінскай міліцыі звольніўся найлепшы супрацоўнік падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі — і адкрыў сваю IT-кампанію

10.11.2026 / 11:41

Дзяніс Рудніцкі

Віталь Анісімаў за тры гады дарос з опера да намесніка кіраўніка аддзела. Але, нягледзячы на хуткі кар’ерны рост, нядаўна сышоў з міліцыі. Кажа, хацеў больш перспектыў і менш бюракратыі.

Віталь Анісімаў. Фота: minsk.mvd.gov.by

У 2024 годзе Віталя Анісімава ў Мінску прызналі найлепшым супрацоўнікам падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. На той момант ён быў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Заводскага РУУС Мінска.

Фота: minsk.mvd.gov.by

Тады Яўген Будзько, кіраўнік мінскага гарадскога ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі, падкрэсліваў, што конкурс, у ліку іншага, садзейнічае «фарміраванню і захаванню прафесійнага кадравага ядра».

Віталь Анісімаў. Фота: minsk.mvd.gov.by

Але пераможца ў сілавых структурах надоўга не затрымаўся. 

Цяпер 26‑гадовы хлопец дзеліцца ў Threads, што сышоў з сілавікоў і стаў дырэктарам IT-кампаніі (гаворка ідзе пра створаную сёлета VIVIAR Tech), якая займаецца ўкараненнем ШІ ў бізнэс.

Віталь дадаў, што вырашыў глабальна змяніць сферу дзейнасці праз тое, што на грамадзянцы больш перспектыў і менш бюракратыі. Ён таксама вечарамі грае ў хакей у аматарскім клубе «Арыён».

Віталь Анісімаў. Скрыншот: by.theahl.net

У каментарах Віталь распавёў, што ў кампаніі дзевяць чалавек, але ён спадзяецца, што ў хуткім часе будзе больш. 

Віталь таксама ўдзельнік моладзевай аналітычнай групы «Белай Русі». Напрыклад, сёлета ў сакавіку ён прысутнічаў на сустрэчы старшыні Канстытуцыйнага суда з моладдзю «Белай Русі». 

А ў верасні ад таго ж грамадскага аб’яднання ўдзельнічаў у рэспубліканскім вебінары, прысвечаным платформе псіхалагічнай дыягностыкі для адукацыйных устаноў PsyTesty.com. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула