Нямецкія футбольныя клубы пачалі абмяжоўваць смартфоны на стадыёнах
«Атрымлівайце асалоду ад моманту».
Нямецкія заўзятары перад матчам Германіі і ЗША на чэмпіянаце свету па футболе ў 2014 годзе. Ілюстрацыйнае фота: Carsten Koall / Getty Images.
Смартфоны даўно сталі неад'емнай часткай футбольных матчаў. Заўзятары здымаюць галы, робяць сэлфі на трыбунах і дзеляцца відэа ў сацыяльных сетках. Але ў Германіі, як паведамляе AFP, некаторыя клубы вырашылі змагацца з гэтай звычкай.
Адным з іх стала дортмундская «Барусія», якая ў кастрычніку запусціла праграму заахвочвання заўзятараў, гатовых адкласці тэлефоны падчас матчаў.
У клубным дадатку з'явіўся спецыяльны «рэжым заўзятара». Тыя, хто яго ўключае і не карыстаецца смартфонам падчас гульні, атрымліваюць балы і могуць выйграць прызы — футболкі з аўтографамі гульцоў або ваўчары ў клубную краму.
Кіраўніцтва «Барусіі» тлумачыць ініцыятыву жаданнем захаваць асаблівую атмасферу свайго стадыёна «Вестфаленштадыён», які змяшчае 82 тысячы гледачоў.
Асаблівы гонар клуба — знакамітая «Жоўтая сцяна», найбуйнейшая стаячая трыбуна ў Еўропе, разлічаная на 25 тысяч чалавек. Менавіта актыўная падтрымка заўзятараў робіць хатнія матчы «Барусіі» такімі відовішчнымі.
Заўзятары дортмундскай «Барусіі» на стадыёне «Вестфаленштадыён» перад матчам з «Вердэрам», 9 кастрычніка 2026 года. Фота: Martin Meissner / AP
Паводле кіраўніка клуба Карстэна Крамера, пастаянныя паведамленні і відэаздымка адцягваюць заўзятараў ад таго, што адбываецца на полі.
Пры гэтым «Барусія» не выступае супраць тэхналогій, а толькі заклікае людзей «глядзець, атрымліваць асалоду і перажываць момант».
Як адзначыў Крамер, ініцыятыва ўжо атрымала вельмі станоўчыя водгукі.
Абмежаванні на выкарыстанне смартфонаў увялі і два клубы другой Бундэслігі — берлінская «Герта» і дрэздэнскае «Дынама». Праўда, у іх выпадку галоўнай прычынай стала дзейнасць блогераў, якія здымаюць відэа на стадыёнах і зарабляюць на яго распаўсюджванні.
Гэта стварае праблемы не толькі для атмасферы матчаў, але і для ўладальнікаў правоў на трансляцыі. Таму клубы імкнуцца абмежаваць камерцыйную здымку, не замінаючы звычайным заўзятарам.
Праблема блогераў, якія здымаюць спартыўныя мерапрыемствы, хвалюе арганізатараў і ў іншых краінах. Напрыклад, пасля шматлікіх інцыдэнтаў на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе ў 2026 годзе арганізатары Уімблдона вырашылі з 2027 года забараніць прысутнасць такіх стваральнікаў кантэнту.
У Германіі ж падобныя ініцыятывы знаходзяць асаблівае разуменне праз традыцыйна моцныя пазіцыі футбольных заўзятараў. Мясцовыя правілы кіравання клубамі забяспечваюць іх членам вырашальны ўплыў на прыняцце рашэнняў, а захаванне стадыённай культуры застаецца адным з прыярытэтаў.
Зрэшты, не ўсе нямецкія клубы збіраюцца абмяжоўваць смартфоны. У мюнхенскай «Баварыі» да ініцыятывы галоўнага канкурэнта паставіліся з гумарам.
«У «Баварыі» футбол настолькі захапляльны, што нам не трэба забараняць тэлефоны», — жартуе член праўлення клуба Рувен Каспер.