БЕЛ Ł РУС

У Мінску дазволілі выкідаць паперу, пластык і шкло ў адзін кантэйнер

6.11.2026 / 17:43

Nashaniva.com

На сайце Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта апублікавалі схему абыходжання з камунальнымі адкідамі сталіцы. Дакумент вызначае правілы збору смецця для жыхароў горада, а таксама прадугледжвае мадэрнізацыю дваровай інфраструктуры.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: minskpriroda.gov.by

Штогод у Мінску ўтвараецца больш за 400 тысяч тон спажывецкіх адкідаў. Для іх збору ў горадзе абсталявана больш за 4 тысячы кантэйнерных пляцовак. У дварах размешчана амаль 42 тысячы кантэйнераў для змешанага смецця і больш за 22 тысячы кантэйнераў для паасобнага збору адкідаў. Перад адпраўкай на палігоны ўсё сабранае смецце праходзіць сартаванне.

Адно з важных новаўвядзенняў — пераход на збор змешаных другасных матэрыяльных рэсурсаў. Цяпер паперу, кардон, пластык, шкло і метал можна выкідаць у адзін агульны кантэйнер. Адтуль адкіды будуць дастаўляць на смеццесартавальны завод. Вывозіць другасную сыравіну павінны не радзей за два разы на тыдзень.

Пры гэтым жыхары Мінска па-ранейшаму абавязаныя сартаваць адкіды і выкідаць іх толькі ў спецыяльна адведзеных месцах. Пакідаць смецце па-за межамі дазволеных пляцовак забаронена.

За парушэнне правіл абыходжання з адкідамі прадугледжаныя штрафы. Для фізічных асоб яны могуць дасягаць 30 базавых адзінак, для індывідуальных прадпрымальнікаў — 100, а для юрыдычных асоб — 1000 базавых адзінак.

Чытайце таксама:

У Мінску з'явіліся першыя кантэйнеры для збору тэкстыльных адкідаў. Штотыдзень будуць з'яўляцца новыя

У Мінску за чатыры гады паставілі больш за 3 тысячы модульных канструкцый для збору адкідаў

Яшчэ 20 тысяч камер відэаназірання паставяць у дварах Мінска

Каментары да артыкула