БЕЛ Ł РУС

У МУС пракаментавалі справу віцебскага вядучага, які небяспечна пажартаваў на закрытым мерапрыемстве

6.11.2026 / 20:20

Nashaniva.com

5 лістапада стала вядома, што пасля выступу віцебскага вядучага Віталя Савельева перад 50 удзельнікамі закрытага івэнта нехта з іх адправіў у чат-бот міліцыі відэа і напісаў, быццам ён жартаваў на палітычныя тэмы. Праз дзве гадзіны па Савельева прыехалі, а цяпер сілавікі далі сваю версію гэтай справы.

Віталь Савельеў падчас свайго выступлення. Скрыншот з відэа

Як сцвярджаюць сілавікі, 38‑гадовы вядоўца падчас карпаратыўнага мерапрыемства ў адной з устаноў Віцебскага раёна непрыстойна выказваўся пра свайго калегу, у тым ліку выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку. Пры гэтым ён «асуджаў яго ўзаемадзеянне з дзяржарганізацыямі ў прафесійнай дзейнасці».

З далучанага кароткага фрагмента выступу цяжка ўлавіць яго агульны кантэкст, але можна меркаваць, што сілавікі заўважылі галоўную крамолу ў словах пра «сваіх 20‑працэнтных прыкарытнікаў, ці колькі ў цябе працэнтаў».

У міліцыі паведамляюць, што цяпер па справе праводзіцца праверка, паводле вынікаў якой дзеянням вядучага «дадуць прававую ацэнку».

Таксама выглядае, што відэазварот самога Савельева, з якога пра сітуацыю стала вядома шырокай грамадскасці, могуць трактаваць як «распаўсюд у інтэрнэце недакладных звестак, якія ствараюць перакрыўленае ўяўленне пра здарэнне». За гэта пагражаюць нават крымінальнай адказнасцю.

Чытайце таксама:

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

«Няма ў нас іншых беларусаў». Лідар «Драздоў» заклікаў дараваць тым, хто «не там лайк паставіў»

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў

Каментары да артыкула