БЕЛ Ł РУС

Хакеры цалкам знішчылі воблачную інфраструктуру аднаго з найбуйнейшых расійскіх хостынг-правайдараў Beget

6.11.2026 / 21:18

Баляслаў Ліманоўскі

Адзін з лідараў расійскага рынку вэб-хостынгу, кампанія Beget, зазнаў катастрафічную кібератаку. Воблачная інфраструктура была цалкам знішчанай, сотні тысяч сайтаў і сэрвісаў спынілі працу на некалькі дзён, а частку інфармацыі ўжо не ўзнавіць. Beget пад санкцыямі ЕС за супрацоўніцтва з Міністэрствам абароны РФ і працу на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Лагатып кампаніі. Скрыншот з афіцыйнага сайта бегет

Атака адбылася ўночы 2 лістапада 2026 года і паралізавала ўсе ўзроўні архітэктуры правайдара. Пра гэта прадстаўнікі правайдара паведамілі ў сваім тэлеграм-канале.

Усе даныя ў воблаку знішчаны разам з асноўнымі рэзервовымі копіямі. Аднавіць файлы атрымаецца толькі для паловы кліентаў. Пацярпела нават унутраная база самой кампаніі, дзе зніклі сувязі паміж акаўнтамі і паслугамі. Больш за 1000 фізічных сервераў інжынерам давялося правяраць і чысціць ад шкодных механізмаў уручную, а каб пазбегнуць шматмільённых пазоваў за прастой бізнэсу і страчаныя базы даных, Beget афіцыйна абвясціў кліентам пра наступленне «форс-мажору».

Удар па Beget стаў адным з самых чуллівых інфраструктурных інцыдэнтаў у расійскім сегменце інтэрнэту. Кампанія ўваходзіць у лік найбуйнейшых гульцоў на рынку Расіі, утрымліваючы больш за 13—15% усіх даменаў у нацыянальных зонах (.ru,.рф,.su). Паводле розных ацэнак, у 2026 годзе на магутнасцях правайдара размяшчалася ад 400 да 700 тысяч сайтаў. 

З ліпеня 2026 года Beget знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза за супрацоўніцтва з Міністэрствам абароны РФ і працу на акупаваных тэрыторыях Украіны. Менавіта праз еўрапейскія абмежаванні летам гэтага года кампанія была вымушаная закрыць свой дата-цэнтр у Латвіі і сканцэнтраваць серверы ўнутры Расіі, дзе іх у выніку і дасталі хакеры.

Чытайце таксама:

«Кіберпартызаны» і група Silent Crow заявілі пра ўзлом Расстата і атрыманне даных пра ваенныя страты

Каментары да артыкула