Па тэлевізары паказалі, як Баскаў падарыў заплечнікі шматдзетнай сям’і. А пра іх дом за $1,8 мільёна прамаўчалі
«То сшыткаў не хапае, то зменны абутак патрэбны».
Дзмітрый Баскаў дапамагае сям’і Ганны Гарбаковай. Мінск, верасень 2026 года. Скрыншот: news.by
У верасні 2026 года некалькі дзяржаўных тэлеканалаў паказалі, як сенатар Дзмітрый Баскаў перад камерамі дорыць заплечнікі і канцылярскія прыналежнасці шматдзетнай сям’і з пяццю дзецьмі. Здымалі гэтую сцэну ў Вяснінцы — непадалёк ад новага дома гэтай самай сям’і, які каштаваў амаль два мільёны даляраў, піша «Люстэрка».
Сюжэты «Беларусь 1», АНТ і СТБ былі прысвечаныя ініцыятыве «Беларусь шматдзетная». Баскаў падарыў заплечнікі, канцылярскія прыналежнасці і адзенне Ганне Гарбаковай, маці пяцярых дзяцей і сузаснавальніцы праекта.
«Як шматдзетны бацька, я добра разумею і ведаю, наколькі гэта эмацыйна і фінансава затратна, хоць заўсёды стараешся ўсё прадугледзець загадзя. Заўсёды даводзіцца нешта дакупляць ужо пасля пачатку навучальнага года: то сшыткаў не хапае, то дадатковы вучэбны дапаможнік спатрэбіцца, то зменны абутак патрэбны», — расказваў Баскаў.
Цяжка сказаць, чаму заплечнікі перад камерамі вырашылі ўручыць менавіта Ганне. Верагодна, жанчына і раней была знаёмая з Баскавым — той дапамагаў яе праектам.
Да таго ж у сюжэце не паказалі галаву гэтай сям’і. Муж Гарбаковай — Аляксей Ляшкевіч, былы начальнік упраўлення асабістай аховы Аляксандра Лукашэнкі. Пасля 18 гадоў службы ў службе бяспекі палітыка ён перайшоў у Беларусбанк на пасаду выканаўчага дырэктара і пачаў там палітычныя чысткі.
Баскаў для яго не чужы чалавек: ахоўнік гуляў у хакей у аматарскай камандзе, трэнерам якой быў сенатар.
Аляксей Ляшкевіч (злева) і Аляксандр Лукашэнка (у цэнтры) на Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату. ААЭ, 1 снежня 2023 года. Фота: БелТА
Дом за 1,8 мільёна даляраў
Верагодна, сям’я Ляшкевіча не мела патрэбы ў дапамозе са зменным абуткам. Як даведалася «Люстэрка», у маі 2026 года былы целаахоўнік Лукашэнкі купіў катэдж у мінскім элітным комплексе «Алімпік Парк».
Плошча дома на вуліцы Ратамскай — 827,6 квадратнага метра, плошча ўчастка — каля 14 сотак. Афіцыйны кошт здзелкі склаў 1,8 мільёна долараў.
Катэджы ў «Алімпік Парк». Мінск, 2022, скрыншот Tapas Group, YouTube
«Раней пра ўласнае прасторнае жыллё ў сталіцы не маглі нават марыць»
Ганна Гарбакова часта дае інтэрв’ю дзяржаўным СМІ. У яе пяцёра дзяцей, ордэн Маці, яна суарганізатарка форуму «Мама без фільтраў» і конкурсу для шматдзетных «Краса Беларусі». Пасля 12 гадоў у дэкрэце яна прызнавалася, што імкнецца папулярызаваць вялікія сем’і.
У маі 2026 года яна хваліла беларускую сістэму дзяржаўнай падтрымкі, якая «дае ўпэўненасць у будучыні і магчымасць гадаваць дзяцей шчаслівымі».
— Галоўным дасягненнем для нас стала вырашэнне жыллёвага пытання, — казала яна. — Стаўшы ў чаргу як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, мы змаглі пабудаваць чатырохпакаёвую кватэру ў Мінску. Мы бязмерна ўдзячныя за такую магчымасць, бо раней пра ўласнае прасторнае жыллё ў сталіцы не маглі нават марыць, — прызнавалася яна.
Ганна Гарбакова з ордэнам Маці, фота bsuir.by
Падобна, жанчына расказала не ўсё. Паводле інфармацыі «Люстэрка», згаданую чатырохпакаёвую кватэру сям’я атрымала ў 2014 годзе пасля нараджэння трэцяга дзіцяці. Праўда, знаходзілася яна ў ведамасным доме на вуліцы Тышкевічаў. Ляшкевіч атрымаў там жыллё адначасова з іншымі супрацоўнікамі службы бяспекі Лукашэнкі. Гэта азначае, што сям’я чакала жылля не толькі ў агульнай чарзе для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Да таго ж на момант публікацыі гэтага інтэрв’ю на Ляшкевіча ўжо быў аформлены дом за $1,8 мільёна у «Алімпік Парку». А кватэру, пра якую сям’я калісьці «не магла марыць», неўзабаве прадалі.