Зборныя Беларусі па хакеі не дапусцілі да чэмпіянатаў свету ў 2027 годзе
Міжнародная федэрацыя хакея не дапусціла моладзевую і дарослую зборныя Беларусі да ўдзелу ў чэмпіянатах свету 2027 года, паведамляецца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны расійскі і беларускі хакей быў пад міжнародным банам. Зборныя былі адхіленыя ад чэмпіянатаў свету і Алімпіяд. Улетку да міжнародных спаборніцтваў вярнулі беларускі юнацкі і жаночы хакей, але моладзевая і нацыянальная зборныя тады пакінулі пад санкцыямі.
Апошні раз у элітным дывізіёне беларускія хакеісты гулялі ў 2021 годзе. Тады чэмпіянат свету меўся прайсці ў Мінску і Рызе, але ў Мінска з-за палітычных рэпрэсій першынство адабралі, і ўсе гульні прайшлі ў Рызе.
Беларусы занялі ў сваёй групе апошняе месца ў і вылецелі ў першы дывізіён. А ў лютым 2022 года зборныя Беларусі і Расіі адхілілі ад міжнародных спаборніцтваў.