Шпіёнскі скандал у Nvidia: кітайская разведка магла выкарыстаць рамантычную сувязь з кіраўніком кампаніі
Амерыканскія спецслужбы лічаць, што кітайская разведка завербавала топ-менеджарку сінгапурскай кампаніі Megaspeed Эліс Хуан, каб тая збірала інфармацыю пра кіраўніка Nvidia Джэнсэна Хуанга. Паводле звестак разведкі, паміж імі маглі быць не толькі дзелавыя, але і рамантычныя адносіны.
Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на разведвальную запіску, якую вясной прадставілі вузкаму колу высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі Дональда Трампа.
У дакуменце сцвярджаецца, што Эліс Хуан працавала на Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Кітая і павінна была атрымліваць звесткі пра кіраўніка аднаго з ключавых вытворцаў чыпаў для штучнага інтэлекту, піша Bild.
Megaspeed, якая закупляе чыпы Nvidia для сваіх цэнтраў апрацоўкі даных, раней трапіла пад падазрэнне амерыканскіх уладаў праз магчымую перапраўку перадавых працэсараў у Кітай у абыход экспартных абмежаванняў. Паводле версіі спецслужбаў, блізкія адносіны Эліс Хуан з кіраўніком Nvidia маглі дапамагчы Пекіну не толькі атрымліваць камерцыйную інфармацыю, але і ўплываць на пазіцыю кампаніі адносна паставак чыпаў.
Паводле звестак New York Times, Трамп быў праінфармаваны пра меркаваныя адносіны яшчэ каля года таму, але не стаў прадпрымаць ніякіх дзеянняў. Джэнсэн Хуанг пры гэтым падтрымлівае цесныя кантакты з прэзідэнтам ЗША і дамагаўся дазволу на продаж некаторых перадавых чыпаў Кітаю.
У Nvidia заявілі, што кіраўнік кампаніі рэгулярна сустракаецца з тысячамі прадстаўнікоў кліентаў, а яго кантакты з Эліс Хуан не былі чымсьці незвычайным. Кампанія таксама сцвярджае, што перадавала Megaspeed толькі звычайную дзелавую інфармацыю, якая не змяшчала камерцыйных сакрэтаў або звестак, важных для нацыянальнай бяспекі.
Пекін адхіліў абвінавачанні ў шпіянажы.