Саліста расійскага гурта на канцэрце ў Мінску, падобна, адкачвала хуткая — пасля ён спяваў у паўцемры пад фанеру
Канцэрт папулярнага расійскага рок-гурта «Тры дні дажджу», які прайшоў 7 лістапада ў мінскім Палацы спорту, сабраў аншлаг, але скончыўся скандалам. Выступ затрымалі на гадзіну праз візіт медыкаў за кулісы, а франтмен Глеб Віктараў не трапляў у ноты, блытаў словы і праз 50 хвілін пакінуў сцэну без развітання. Цяпер абураныя гледачы масава патрабуюць вярнуць грошы за квіткі.
Пачатак канцэрта гурта «Тры дні дажджу» ў Мінску. Фота з сацсетак
Выступ у Палацы спорту меў пачацца а 19-й, квіткі каштавалі ад 135 да 295 рублёў. Аднак пачатак затрымалі больш чым на гадзіну — «па тэхнічных прычынах». Паводле звестак відавочцаў, перад выхадам музыкаў за кулісы заходзіла брыгада медыкаў.
«Вось вы калі-небудзь былі ў чаканні канцэрта і заўважалі дактароў хуткай дапамогі, якія сыходзілі за кулісы? А ці чакалі вы выканаўцу гадзіну, таму што гэтая самая хуткая, імаверна, яго адкачвала? А мне ўяўляць не трэба», — напісала адна з наведвальніц у Threads.
Але калі Віктараў усё ж выйшаў да публікі пасля 20-й, ён быў, падобна, у неадэкватным стане: мацюкаўся, забываў тэксты і не трапляў у таймінг трэкаў. Каб схаваць стан вакаліста, арганізатары нават не ўключалі пярэдняе святло.
На сцэне на пачатку канцэрта луналі расійскі і чырвона-зялёны сцягі, а нехта з публікі ў гэты момант скандаваў «Расія».
Канцэнт гурта ў Палацы спорту. Фота з сацсетак
«А ў выніку чэл выйшаў яўна пад чымсьці, што нават святло на яго не накіроўвалі і амаль не паказвалі твар на экранах. Амаль увесь канцэрт прайшоў у цемры, уключалі толькі заднія пражэктары. Па гуку таксама трэш, фанера, але часам ён спрабаваў яе перакрычаць», — дзеліцца ўражаннямі іншая глядачка.
Замест заяўленай двухгадзіннай прэзентацыі новага альбома канцэрт працягваўся менш за гадзіну. Музыкі спрабавалі заглушыць голас саліста інструментамі, а апошнія некалькі песень пусцілі цалкам пад фанаграму. Палову чаканых хітоў гурт так і не выканаў: у зале проста ўключылі святло, а Віктарава павялі са сцэны без развітання са слухачамі.
Заканчэнне канцэрта. Фота з сацсетак
Абураныя беларускія слухачы ў Threads называюць імпрэзу «трыма днямі крынджу». Яны лічаць, што саліст быў нецвярозым.
«Не трапляў у ноты, тэкст месцамі забываў. Жорстка, карацей», — піша адна з дзяўчат. «Глеб «Тры дні дажджу»! Дзякуй, але больш не выходзь да мяне на сцэну ў такім выглядзе і з такой падрыхтоўкай. Я табе не за гэта грошы заплаціў!» — рэзюмаваў яшчэ адзін глядач.
Раней музыка Глеб Віктараў публічна прызнаваў сваю цяжкую залежнасць ад наркотыкаў (у прыватнасці мефедрону) і алкаголю. У чэрвені 2023 года пасля аналагічнага п'янага зрыву на канцэрце ў Екацярынбургу прадзюсары закрылі праект на нявызначаны тэрмін, а самога Віктарава неаднаразова адпраўлялі ў рэхабы на дэтокс і кадзіравалі — апошнія курсы лячэння ён праходзіў у пачатку 2025‑га і ўвесну 2026 года.
Праблемы з рэчывамі суправаджаюцца і палітычнымі хістаннямі артыста: у верасні 2022 года ён публічна падтрымаў Уладзіміра Пуціна, параўнаўшы яго з «канатаходцам, якому трэба даць спакойна дайсці да канца», у 2023‑м падтрымліваў так званую «СВА», прапаноўваў нязгодным з вайной з'ехаць з Расіі і анансаваў дабрачынныя выступы ў акупаваных Данецку, Луганску і Крыме.
Пры гэтым у ліпені 2026 года на чарговым канцэрце ў Екацярынбургу Віктараў нечакана выступіў з эмацыйнай антываеннай прамовай. Аднак адразу пасля таго выступу менеджмент гурта і сястра музыкі абвясцілі ягоныя словы «непрытомным трызненнем» на фоне рэцыдыву хваробы, выдалілі допісы і тэрмінова адправілі артыста ў Маскву на чарговае прымусовае лячэнне ў клініку.