У Магілёве на доме, які аддалі пад расійскае пасольства, замалявалі мурал з «Пагоняй». Хоць экспертыза забараняла гэта рабіць
У самым сэрцы Магілёва, за некалькі метраў ад гарадской ратушы, завяршаецца рэканструкцыя камяніцы XVIII стагоддзя, якую адабралі ў музея і перадалі расійскім дыпламатам. Нягледзячы на афіцыйнае патрабаванне захаваць мастацкі роспіс з гістарычным гербам горада, тарэц будынка цалкам зафарбавалі.
Тарэц камяніцы па вуліцы Ленінскай, 5А, дзе да рэканструкцыі пад патрэбы аддзялення расійскага пасольства размяшчаўся мурал з «Пагоняй». Скрыншот з відэа: vidosy_mogilev / Instagram
Відэа са свежымі вынікамі капітальнага рамонту гістарычнага дома па вуліцы Ленінскай, 5А апублікавалі мясцовыя паблікі. Як бачна на кадрах, ад мурала, які дзевяць гадоў упрыгожваў тарэц двухпавярховай камяніцы, не засталося і следу.
Цяпер на месцы мастацкага роспісу — гладкая двухколерная сцяна ў бежавых і шэра-карычневых танах. Згодна з пашпартам аб’екта, будаўнічыя работы павінны цалкам завяршыцца ў сярэдзіне лістапада: у будынку ўжо ўставілі новыя вокны і дзверы, а рабочыя дарабляюць ганак і пандус.
Мурал на тарцы дома. Фота з сацсетак
Пагоня як частка герба Магілёва на мурале. Фота з сацсетак
Знішчаны роспіс у 2017 годзе да 750‑годдзя Магілёва стварыў мастак Рыгор Шараеў. На сцяне былі адлюстраваныя панарама горада паводле гравюры 1702 года і афіцыйны герб Магілёва, у цэнтры якога над гарадской брамай размешчаны вершнік з мячом — старажытны герб «Пагоня».
Фінальная стадыя рэканструкцыі дома па вуліцы Ленінскай, 5А. Скрыншот з відэа: vidosy_mogilev / Instagram
Як мы пісалі раней, зацверджаны праект рэканструкцыі будынка прадугледжваў уцяпленне вонкавых сцен мінералаватнымі плітамі, аднак дзяржаўная экспертыза забараніла зашываць уцяпляльнікам і зафарбоўваць тарэц камяніцы, запатрабаваўшы захаваць мурал. Па якіх прычынах патрабаванне экспертаў праігнаравалі на фінальным этапе рамонту, невядома.
Фінальная стадыя рэканструкцыі дома па вуліцы Ленінскай, 5А. Скрыншот з відэа: vidosy_mogilev / Instagram
Камяніцу за ратушай раней планавалі выкарыстаць для пашырэння Музея гісторыі Магілёва, але ў маі 2026 года яе перадалі пад аддзяленне пасольства Расіі, выдзеліўшы на рамонт каля 613 тысяч рублёў з гарадскога бюджэту. Кіраваць дыпламатычным офісам у будынку са знішчанай «Пагоняй» прызначаны былы «міністр замежных спраў» непрызнанай ЛНР Уладзіслаў Дайнэга.