Газ у Еўропе падаражэў утрая. Высокія рахункі могуць застацца яшчэ на некалькі гадоў
Еўропа пачала ацяпляльны сезон з дарагім газам і невялікімі яго запасамі. Нават хуткае заканчэнне вайны на Блізкім Усходзе не прынясе неадкладнага палягчэння: эксперты папярэджваюць, што павышаныя выдаткі на электрычнасць і цяпло могуць захавацца і наступнай зімой, піша ВВС.
Фота: vecteezy.com
Аптовыя цэны на газ у Еўропе перавысілі 100 еўра за мегават-гадзіну — гэта ўтрая больш, чым год таму. Гаворка пра кошт паліва на рынку: рахункі спажыўцоў залежаць таксама ад тарыфаў, кантрактаў і дзяржаўнай падтрымкі.
Новы крызіс звязаны з вайной ЗША з Іранам і блакаваннем Армузскага праліва, праз які вывозяць звадкаваны газ з Персідскага заліва. Паводле энергетычнага агенцтва ЕС ACER, крызіс ужо павялічыў выдаткі Еўрасаюза на імпарт газу на дадатковыя 33 мільярды еўра.
«Нават пры самым аптымістычным сцэнары завяршэння канфлікту да канца года цэны на газ, паводле нашых ацэнак, на жаль, працягнуць расці», — сказаў галоўны аналітык Wood Mackenzie па еўрапейскім газавым рынку Том Марзэк-Мансэр.
Дарагі газ уплывае на ўсю эканоміку: яго выкарыстоўваюць для ацяплення, вытворчасці электрычнасці, угнаенняў і хімічнай прадукцыі.
Летам паліва таксама каштавала дорага, таму папаўняць запасы было складана. Паводле ACER, на 21 кастрычніка еўрапейскія сховішчы былі запоўненыя толькі на 75%. Да таго ж размеркаванне запасаў нераўнамернае: Германія і Нідэрланды адставалі ад сярэдняга ўзроўню па ЕС.
Нават пасля мяккай зімы сховішчы давядзецца зноў запаўняць. Гэта падтрымае попыт і цэны наступным летам, а значыць, дарагое паліва будзе ўплываць і на выдаткі ў ацяпляльным сезоне 2027—2028 гадоў.
«Так што яшчэ год-два нас чакаюць высокія рахункі за электрычнасць і цяпло», — папярэдзіў эксперт Eurasia Group Хенінг Глойштайн.
Еўропе патрэбныя дадатковыя пастаўкі звадкаванага газу, але за іх яна канкурыруе з Кітаем і іншымі азіяцкімі краінамі. Праблему ўзмацняе страта паставак з Катара, які да вайны забяспечваў каля пятай часткі сусветнага рынку звадкаванага газу.
ЗША, Канада, Расія і іншыя экспарцёры павялічылі продажы, але цалкам кампенсаваць недахоп пакуль не ўдалося. Міжнароднае энергетычнае агенцтва прагназуе, што з лістапада па сакавік сусветныя пастаўкі звадкаванага газу могуць быць на 10—25 мільярдаў кубаметраў меншыя, чым год таму. Вынік будзе залежаць ад аднаўлення руху праз Армузскі праліў.
Адначасова ЕС канчаткова адмаўляецца ад расійскага звадкаванага газу: з 1 студзеня 2027 года забарона закране і пастаўкі паводле доўгатэрміновых кантрактаў. Гэта павялічвае значэнне альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, перадусім ЗША.
Надзея на палягчэнне звязаная з надвор’ем. Мяккая зіма зменшыць патрэбу ў ацяпленні, вецер дазволіць вырабляць больш электрычнасці без газу, а дажджы дапамогуць гідраэлектрастанцыям і ахалоджванню атамных станцый. Паводле экспертаў Оксфардскага інстытута энергетычных даследаванняў, пры ўдалым збегу абставін Еўропа можа зэканоміць за зіму 10—12 мільярдаў кубаметраў газу.
Апытаныя аналітыкі лічаць, што Еўропа здольная перажыць гэтую зіму без перабояў у пастаўках спажыўцам. Але гэта не азначае таннага паліва.
Паступовае зніжэнне цэн магчымае з вясны дзякуючы новым вытворчым магутнасцям, а цалкам кампенсаваць страчаныя пастаўкі катарскага газу, паводле аднаго з прагнозаў, атрымаецца толькі да канца 2028 года.