Пасля расійскай атакі больш за 600 тысяч жыхароў Днепрапятроўшчыны засталіся без святла
Расія зноў масавана атакавала ўкраінскую энергетыку. Жыхароў папярэджваюць пра працяглыя адключэнні.
Пасля начной атакі без электрычнасці засталіся больш за 600 тысяч жыхароў Днепрапятроўскай вобласці, паведаміла кампанія ДТЭК. Адключэнні закранулі Паўлаградскі, Камянскі, Дняпроўскі раёны, а таксама сам Дніпро.
Энергетыкі аднаўляюць электразабеспячэнне там, дзе дазваляе сітуацыя з бяспекай. Работу ўскладняюць паўторныя атакі. Найперш спецыялісты імкнуцца падключыць крытычную інфраструктуру. Бальніцы і іншыя важныя аб’екты пераводзяць на рэзервовае сілкаванне ад генератараў.
Яшчэ ўвечары 7 лістапада кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа паведамляў пра больш за 60 тысяч спажыўцоў без святла ў Дняпры пасля паўторных удараў па энергетыцы.
У Оўручы Жытомірскай вобласці расійскія дроны, паводле мэра Івана Коруда, неаднаразова атакавалі электрападстанцыю і цалкам яе знішчылі.
«Аднаўленне электразабеспячэння зойме значны час. Прашу ўсіх быць гатовымі да працяглай адсутнасці святла», — папярэдзіў ён.
Мэр таксама заклікаў нават пасля вяртання электрычнасці выключаць падсветку фасадаў, вітрын, рэкламы і двароў.
«Святло, якое можна выключыць, трэба выключыць», — падкрэсліў Коруд.
У Камянец-Падольскім раёне Хмяльніцкай вобласці пасля ўдараў 7 лістапада таксама адбылося аварыйнае адключэнне электрычнасці, паведаміў кіраўнік вобласці Сяргей Цюрын.
ДТЭК апублікавала фота адной з разбураных падстанцый, не называючы яе месцазнаходжання.
«Тое, што можна паказаць, каб не нашкодзіць. Сітуацыя надзвычай цяжкая», — заявілі ў кампаніі.
На 8 лістапада «Укрэнерга» абвясціла абмежаванні энергаспажывання ў абласцях Украіны. Для насельніцтва дзейнічаюць графікі пагадзінных адключэнняў, для прамысловасці — абмежаванні магутнасці. Пры аварыйных адключэннях загадзя апублікаваныя графікі могуць не дзейнічаць.