БЕЛ Ł РУС

Піяніна, Prada, Ray-Ban, шампанскае Cristal. У расіяніна забралі тавараў на паўмільёна рублёў

8.11.2026 / 15:10

Nashaniva.com

На трасе М1 брэсцкія мытнікі спынілі фургон IVECO, у якім паводле дакументаў везлі аўтазапчасткі. Разам з імі знайшлі каля 3800 іншых тавараў. Паводле мытні, расійскі прадпрымальнік увёз камерцыйную партыю праз мяжу пад выглядам рэчаў для асабістага карыстання.

У машыне былі музычныя інструменты, парфумерыя, корм для жывёл, дарагі алкаголь без беларускіх акцызных марак, паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.

Сярод знаходак — лічбавае піяніна Yamaha, партыя сонцаахоўных акуляраў Ray-Ban, французскае шампанскае Louis Roederer Cristal, іспанскія віны Pintia, парфумерыя Prada ды Lancôme.

Паводле мытнікаў, каб не плаціць мытныя плацяжы, у Польшчы партыю драбілі і раздавалі розным людзям для перавозкі праз мяжу пад выглядам тавараў для асабістага карыстання. Пасля перасячэння мяжы груз зноў збіралі разам.

Агульны кошт тавараў ацанілі прыкладна ў 500 тысяч беларускіх рублёў. Іх забралі да рашэння суда.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула